У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылася творчая сустрэча з пісьменніцай Галінай Пярун, членам Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Галіна Сяргееўна расказала прысутным пра свой жыццёвы i творчы шлях.
– Мы пераехалі з горада ў вёску Жураўка Бярэзінскага раёна. Уявіце сабе: прырода, возера побач з домам – усё гэта падштурхнула мяне да творчасці. І ўжо ў першым класе я напісала свой першы верш, а ў адзінаццаць гадоў – фантастычную аповесць пра марсіяніна, – расказала Галіна Сяргееўна.
Аўтар прэзентавала свае кнігі: «Воля судьбы», «Прости», «Счастье для Веры». Творы Галіны Пярун, распавядаюць аб выпрабаваннях і ўнутранай сіле чалавека, пра каханне і сяброўства, пра моцныя сямейныя каштоўнасці і тое, як іх захаваць.
У зале прысутнічала шмат моладзі, таму пісьменніца, звяртаючыся да сюжэту адной з кніг, закранула тэму псіхалагічнага здароўя жанчын, якія ідуць на адчайны крок перапынення цяжарнасці на позніх тэрмінах, а таксама жанчын, страціўшых надзею мець дзіця. Галіна Сяргееўна звярнула ўвагу, якія могуць быць наступствы, калі непаўналетнія маладыя мамы, якія страцілі сваіх дзяцей, аказваюцца без падтрымкі.
Удзeльнiкi сустрэчы таксама даведалiся, што Галiна Сяргееўна – мацi траіх дзяцей, бабуля i прафесійная медсястра, працуе ў звычайнай паліклініцы і піша дзіцячыя кнігі.
Галiна Сяргееўна пiша вясёлыя і цікавыя аповесці для дзяцей: «Прыгоды сяброў і парады ад Усімдапамагайкіна», «Як ліса ў дзеда гаспадыняй была», «Закаханы скідзень» і інш. Творы знаходзяць водгук у cэрцах не толькi маленькiх чытачоў, але i дарослых.
Напрыканцы сустрэчы Галiна Пярун пазнаёмiла ўciх з лялькамi, якiя робiць сваiмi рукамi, каб потым ладзiць спектаклi па сваiх казках. Героі казак гавораць на беларускай мове, так аўтар прывівае дзецям любоў да сваёй роднай мовы.
Мерапрыемства атрымалася вельмі цёплым і займальным.
Трэба дадаць, што сустрэчы з таленавiтымі пісьменніцамі праходзяць штомесяц у межах сумеснага праекта бібліятэкі і мясцовага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Маці Зямная па імені Жанчына», прысвечанага Году беларускай жанчыны.










