«Шматгранны талент Наталлі Ніканчук»: сустрэча з пісьменніцай у абласной бібліятэцы

«Шматгранны талент Наталлі Ніканчук»: сустрэча з пісьменніцай у абласной бібліятэцы

У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна прайшла сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук (Хмялеўскай).

Наталля Валянцінаўна расказала прысутным пра свой жыццёвы і творчы шлях:

— Я нарадзілася ў вёсцы Мервіны Клецкага раёна Мінскай вобласці. У дзяцінстве я даследавала кожны куточак, збірала букеты палявых кветак, часта з бабуляй хадзіла ў лес па грыбы і ягады. Усё гэта ёсць у маіх творах, асабліва ў нарысах і эсэ, прысвечаных малой радзіме. Я ж хацела звязаць свой лёс з матэматыкай і прыродай, таму абрала прафесію эканаміста-аграрыя: скончыла Беларускую дзяржаўную сельспадарчую акадэмію.

Удзельнікі сустрэчы таксама даведаліся, што пасля заканчэння ВНУ аўтар засталася працаваць у акадэміі на кафедры матэматычнага мадэлявання, а потым працавала ў аддзеле эканомікі Горацкага райвыканкама.

Аўтар прэзентавала свае кнігі: «Любоў — крылатая істота», дэтэктыўны і адначасова фантастычны раман «Іаланта» і інш.

Тэматыка паэтычнай творчасці Наталлі Ніканчук вельмі разнастайная — ваенна-патрыятычная, пейзажная, інтымная і філасофская лірыка; ёсць і гумарыстычныя творы.

Дзіцячая літаратура — яшчэ адзін кірунак у творчасці пісьменніцы.

— Аднойчы я з дзецьмі наведала дэльфінарый і на ўсё жыццё захапілася гэтымі істотамі. Нават вырашыла напісаць пра іх кнігу «Дэльфінчык Агу».  Твор знайшоў водгук у сэрцах не толькі маленькіх чытачоў, але і дарослых, — расказала прысутным Наталля Валянцінаўна.

Талент пісьменніцы праявіўся ў розных жанрах літаратуры: вершах, паэмах, апавяданнях, аповесцях, раманах і нават перакладах. Адзін з перакладаў удзельнічаў у Міжнародным літаратурным конкурсе памяці К. Сіманава і заняў трэцяе месца. Наталля Ніканчук таксама — фіналістка Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Славянская ліра» ў намінацыі «Проза» і іншых.

Трэба дадаць, што сустрэчы з таленавітымі пісьменніцамі праходзяць штомесяц у межах сумеснага праекта бібліятэкі і мясцовага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Маці Зямная па імені Жанчына», прысвечанага Году беларускай жанчыны.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Все новости