Алена КІСЕЛЬ: «Я вельмі любіла чытать казкі і міфы»

Алена КІСЕЛЬ: «Я вельмі любіла чытать казкі і міфы»

Алена Кісель – сучасная беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка, празаік, крытык, кандыдат філалагічных навук.

Алена Уладзіміраўна нарадзілася ў Магілёве, вучылася ў МДУ імя А.А. Куляшова на філолага, а потым паступіла ў аспірантуру БДУ і абараніла кандыдацкую дысертацыю. Працуе ў жанрах фэнтэзі, смешнага пераказу. Піша з большага на рускай мове, таму мае чытальніцкую аудыторыю і ў Беларусі, і ў Расіі. Публікуецца ў асноўным у інтэрнэце, таксама выходзяць яе надрукаваныя кнігі.

Алена Кісель – сучасная беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка, празаік, крытык, кандыдат філалагічных навук.

Алена Уладзіміраўна нарадзілася ў Магілёве, вучылася ў МДУ імя А.А. Куляшова на філолага, а потым паступіла ў аспірантуру БДУ і абараніла кандыдацкую дысертацыю. Працуе ў жанрах фэнтэзі, смешнага пераказу. Піша з большага на рускай мове, таму мае чытальніцкую аудыторыю і ў Беларусі, і ў Расіі. Публікуецца ў асноўным у інтэрнэце, таксама выходзяць яе надрукаваныя кнігі.

Міфалогія – смешная і не надта

Сёлета ў пісьменніцы выйшла кніга «Аид, любимец Судьбы» – першая з трылогіі, міфалагічнае фэнтэзі па матывах антычнасці аб самым таямнічым, самым неадназначным богу падземнага свету.

– Я наогул вельмі люблю антычную міфалогію. У інтэрнэце даўно можна прачытаць мае пераказы антычных міфаў у пацешнай і лёгкай формах. Але ж гэты твор зусім іншай танальнасці – эпічны, трохі змрочны (што вельмі адпавядае герою). Гэта шанец паглядзець на маладых алімпійскіх багоў – Зеўса, Пасейдона, Аіда, якія яшчэ не падзялілі свет і не пачалі ўладарыць ім, якія толькі змагаюцца за гэта са сваім бацькам Кронам і іншымі тытанамі. Сёння мы назіраем пэўнае адраджэнне цікаўнасці да антычнай міфалогіі пасля громкай прэм’еры «Адысеі» Нолана. І, трэба сказаць, калі я пісала свой раман пра Аіда, я амаль што прагледзела экранізацыю у сваёй галаве: на большасці момантаў кінематаграфічна раскладвала, як і што здарылася. Так што, магчыма, гэта тая кніга, з якой трэба пачаць знаёмства са мной. Зараз я пішу фэнтэзійны раман «Путь Варга» (таксама на рускай мове), і яго я задумвала як літаратурны серыял. Па-першае, там ёсць нейкія асобныя раздзелы, прысвечаныя смешным, трагічным, дэтэктыўным эпізодам, прыгодам. Па-другое, ёсць агульная лінія, якая працінае сюжэт і яднае розныя эпізоды, напрыканцы, вядома, будзе грандыёзны фінал (а там, хто яго ведае, магчыма, сіквел, прыквел, спін-офф). Было б вельмі цікава пабачыць гэты твор менавіта ў серыяльнай форме, – распавяла наша гераіня.

У планах

Алене Кісель часам хочацца напісаць што-небудзь сур’ёзнае, гістарычнае і біяграфічнае.
– Магчыма, я калі-небудзь напішу пра дзядулю і бабулю, бо ў іх было вельмі цяжкае жыццё. Гэта былі цудоўныя людзі, якія прайшлі праз мноства выпрабаванняў і да канца для мяне ўвасаблялі ў сабе любоў і вернасць. Яны былі чыгуначнікамі, аб’ехалі шмат месцаў ў цяжкія пасляваенныя гады. І тое, што я пра іх ведаю, літаральна просіцца часам на паперу. Спадзяюся, што калі-небудзь гэта здарыцца, атрымаецца нешта накшталт сямейнай хронікі. Вось гэта было б цікава, – падзялілася ўспамінамі аўтарка.

Персанажы

У Алены Уладзіміраўны шмат герояў, але ж амаль ў кожным ёсць частка яе. Адзін персанаж, над якім пісьменніца працуе зараз, можа зразумець каго заўгодна і з кожным знайсці агульную мову – а хіба ж кожны пісьменнік не робіць тое самае, калі ўвасабляе на старонках мноства разнастайных асоб?

У другой гераіні ёсць прыказка-рэфрэн: «У нас сёння тысяча-тысяча спраў». І гэта таксама часткова пра аўтарку: надта ж часта бываюць такія дні, калі хочаш усё перарабіць: напісаць артыкул, смешны пост у блог пра антычнасць, рэцензію, новы эпізод для рамана і не забыць пра працу, а колькі ж яшчэ ўсяго чакае дома.

– Справа ў тым, што ў кожнага з літаратурных персанажаў ты ўкладваеш, мабыць, частку сябе. Здавалася б, што агульнага можа быць у мяне і ў Аіда? Ён жа барадаты сталы мужчына, які змагаецца на вайне старажытнага свету. Але тым не менш ягоная рашучасць, жаданне ўсё вырашыць самому, усё вытрымаць і утрымаць – гэта ў нейкай ступені таксама пра мяне, – дзеліцца разважаннямі пісьменніца.

А вось у жыцці яна ў магію не верыць.

– Я праваслаўны чалавек, і таму магія ў рэальным жыцці для мяне не можа з’яўляцца нечым добрым. Таму даводзіцца заўсёды падзяляць: вось мая фантазія, гэта свет фэнтэзі, які я ствараю з большага, каб паказаць узаемаадносіны людзей у нейкім свеце, – а вось тое, у што я веру сапраўды, – дадала Алена Кісель.

Беларускі код

У беларускай масавай літаратуры зараз узрастае цікавасць якраз да беларускага фальклору, быту, гісторыі – да беларускага культурнага і псіхалагічнага кода. У нашай гераіні аб сутнасці беларусаў таксама ёсць некалькі радкоў. Напрыклад, верш «Белорусость» пачынаецца так:

Есть вот народы суровые, словно сталь.

Есть – нараспашку и хрупкие, словно стекла.

У белорусов – какая найдется черта?

А белорусы – они поразительно теплые!

– Я думаю, што нашая цеплыня – гэта і ёсць аснова, частка нашага культурнага коду. Наша ўменне ўсміхацца, прыходзіць на дапамогу, наша ўменне асвятляць жыцці іншых. Усе заўсёды гавораць, калі прыязджаюць у Беларусь, што ў нас такія цудоўныя людзі, – лічыць паэтка.

У будучым Алена Уладзіміраўна марыць завяршыць свой літаратурны фэнтэзійны «серыял» і спадзяецца паспрабаваць сябе ў іншых жанрах. І, зразумела, працягваць час ад часу пісаць вершы. Дарэчы, не так даўно ў паэткі выйшаў вершаваны зборнік «Зимние разговоры».

– Гэта вершаваныя размовы, якіх хочацца падчас зімы, каб яны цябе сагравалі. Самыя разнастайныя размовы: сур’ёзныя і несур’ёзныя, пра анёлаў, пра котак, пра дзяцінства… Але ж яднае іх адно: яны ўсе – як таблетка ад нуды, ад холаду: каб крышачку развесяліцца, сагрэцца, каб у змрочныя часы не адчуваць зіму ўнутры сябе, – завяршыла пісьменніца.

Лета прайшло, пачалася восень, прахалода, а скора рушыць услед зіма, і можна праводзіць цёплыя вечары дома з кнігай Алены Кісель і саграваць сваю душу выдатнымі вершамі, а таксама акунацца ў фантастыку.

Пухнатыя натхняльніцы

У зборніку «Пять жизней» у Алены Кісель цэлы цыкл ад імя котак. Яна іх любіць з дзяцінства. І, вядома, у яе ёсць хатні гадаванец – чорная Муся.

– Калі б мая кошка напісала пра мяне, то яна сказала б, што я бязглуздая, нязграбная, нягеглая, але даволі добрая, хоць і вельмі дзіўная котка. Ну, таму што коткі, вядома ж, думаюць, што мы таксама коткі. Проста пра нас трэба клапаціцца, таму што мы крыху не разумеем, як жыць гэтае жыццё, вось яны і імкнуцца нам дапамагчы. У маленстве я ўвесь час з імі бавіла, у нас вечна былі кацяняты на двары каля пад’ездаў, і мы ўсіх раздавалі ў добрыя рукі. Таму проста яны заўсёды былі побач са мной. Я не ведаю, чаму мне яны так падабаюцца. Магчыма, сваёй зграбнасцю, незалежнасцю, разнастайнасцю. Вось за імі ніколі не стамляешся назіраць, – распавяла наша гераіня.

Як пішуцца творы

Адзін са сваіх лепшых, як лічыць Алена Кісель, вершаў пра Вялікую Айчынную вайну яна напісала ў Масленіцу, калі проста пякла бліны. Яна падзялілася:

– І вось раптоўна неяк, не на часу прыходзяць гэтыя радкі. Магчыма, атрымалася нават смешнавата: я пяку бліны, а мне даводзіцца пераключацца на напісанне верша. З эмоцыямі, аж са слязьмі. Але ж натхненне не папросіш счакаць і заняць чаргу сярод іншых спраў… Адзін з маіх раманаў, напрыклад, да мяне прыйшоў у аўтобусе, ледзь даехала дадому – і пачала пісаць, і за два тыдні напісала палову. Вядома, паступова я навучылася ўваходзіць у рэжым, але і дагэтуль, бадай, тэксты не пытаюцца, калі ім прыйсці.

Валянціна Тарасенка.
Фота Анастасіі Крыванос.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы З табой маё слова, Радзiма