У Магілёўскім мастацкім музеі імя П.У. Масленікава адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Маляванкі», на якой прадстаўлены работы з калекцыі Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі. Гэта сапраўды ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з асаблівым відам народнага мастацтва Беларусі.
Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі, жыхары абласнога цэнтра.
Як адзначыў намеснік дырэктара па мастацка-творчай дзейнасці Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я.Р. Раманава Аляксей Пруднікаў, маляванкі — гэта вялікія карціны-дываны, створаныя мастакамі-самавучкамі на палатне або мешкавіне.
— «Маляваныя дываны», яны ж маляванкі, — гэта асаблівы від народнага мастацтва Беларусі. Яго адносяць да так званага наіўнага мастацтва — кірунку прымітывізму, — падкрэсліў Аляксей Пруднікаў.
Маляванкі атрымалі вялікае распаўсюджванне ў перыяд з 1920-х па 1960-я гады ў беларускіх вёсках. Іх вешалі на сцены дамоў для ўпрыгожвання, але маляванкі выконвалі часам і ролю абярэга. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з-за развіцця фабрычнай вытворчасці дываноў.
Карціны пісалі звычайна на чорным ці цёмна-карычневым фоне. А сюжэты былі самыя розныя: мастакі малявалі на палатне кветкі, жывёл, птушак, людзей, міфічных персанажаў і пейзажы.
У гэтым кірунку працавалі розныя мастакі Беларусі, напрыклад, Ніканор Зосік, Фёдар Сухавіла, Генадзь Кузаўкоў і іншыя. Аднак самымі вядомымі з’яўляюцца Язэп Драздовіч і Алёна Кіш.
На выставе можна пазнаёміцца з творчасцю найбольш вядомых майстроў гэтага кірунку. Напрыклад, Язэп Драздовіч ствараў тэхнічна дасканалыя і дакладныя работы, якія дыхаюць самабытнасцю, у той час як творы Алены Кіш, хоць і менш «мастацкія», але дзівяць сваёй энергіяй і непаўторнасцю.
Выстава будзе працаваць да 18 студзеня, што дасць магчымасць усім жадаючым пазнаёміцца з гэтай цікавай з’явай беларускай народнай культуры.































