Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ў гэтым годзе адзначыла сваё 20-годдзе. Працягваем расказваць пра пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны, чые імёны і творы ведаюць далёка за межамі рэгіёна і нават краіны.
Валянціна Габрусева – паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар і выканаўца ўласных песень, лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне ў намінацыі «Літаратурная дзейнасць», лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні.
Дзяцінства
Нарадзілася Валянціна Фёдараўна 26 лютага 1950 г. у г. Верхнядзвінску Віцебскай вобласці. Сваёй малой радзімай лічыць вёску Развадава Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
– Мы пераехалі туды, калі мне было 3 гады. Там прайшло маё дзяцінства, юнацтва, я напісала свой першы верш.
Свой першы верш наша гераіня напісала ў 6-м класе.
– У школу я хадзіла за 7 км ад дома. Памятаю, як ішла са школы дадому, а ў нас уздоўж дарогі раслі баравікі, я іх збірала, ды і ў цэлым такая прыгажосць навокал – васільковае поле, гуляе жыта. Гледзячы на прыроду, васьмірадковы верш пад назвай «Радзіме» нарадзіўся сам. Пазней яго надрукавалі ў раённай газеце «Сцяг саветаў».
Непрыдуманая гісторыя
Валянціна Габрусева служыла ў органах унутраных спраў 30 гадоў. Як прызналася наша гераіня, звязваць сваё жыццё з міліцыяй не планавала – дапамог выпадак.
Аднойчы, знаходзячыся ў адпачынку ў роднай вёсцы, пайшла збіраць грыбы ў лес, там убачыла мужчыну, які хадзіў увесь час без кошыка і быў апрануты не як грыбнік.
– Я пачала за ім сачыць. Ён дастаў з-пад ёлкі два чамаданы і заплечнік і накіраваўся да цягніка. Зайшла за ім у вагон і пайшла да машыніста. Выслухаўшы мяне, ён звязаўся з аддзелам міліцыі станцыі Друць. Потым аказалася, што мужчына – гэта дэзерцір з вайсковай часткі, які абакраў магазін. Мяне падзякавалі за дапамогу, дзівячыся смеласці і кемлівасці, і параілі паступаць у міліцыю. Так я і зрабіла. Скончыла Магілёўскую школу міліцыі МУС СССР па спецыяльнасці «юрыст». Ужо працуючы, я брала ўдзел у кожным творчым конкурсе, перамагала. Напрыклад, адну песню я прысвяціла капітану Канстанціну Уладзіміраву, легендарнаму камбату, які кіраваў зводным батальёнам міліцыі пры абароне Магілёва ў ліпені 1941 года і загінуў, – расказала паэтка.
Творчасць
Валянціна Габрусева – аўтар 14 зборнікаў паэзіі, сярод якіх: «Журавінавыя гронкі», «Бусліны вальс», «Букет бяссмертнікаў», «Водар бацькаўшчыны», «Дзе пашчасціла мне нарадзіцца», «Блакіт жывой вады», «Мая зямля, мая Айчына», «Спаси и сохрани» (зборнік песень на рускай мове), «Белая птица», «Незабытое танго», «Не о былом» і іншых. Яна – пераможца рэспубліканскага конкурсу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь «Бацькаўшчына светлая мая», уладальнік дыплома Гран-пры рэспубліканскага літаратурна-музычнага конкурсу МУС Рэспублікі Беларусь на лепшую песню, прысвечаную супрацоўніку міліцыі, уладальнік дыплома 1-й ступені літаратурна-музычнага конкурсу «Я – часцінка радзімы сваёй». Асобай узнагародай лічыць прысуджэнне звання лаўрэата літаратурнай прэміі імя А. Пысіна ( з паэтам наша гераіня была асабіста знаёмая).
– Гэта гордасць, але мая галоўная ўзнагарода – тое, што мае песні запатрабаваныя, вершы падабаюцца маім чытачам. Я вельмі люблю праводзіць творчыя вечарыны з імі.
Вершы Валянціны Габрусевай нясуць святло, дораць надзею, усяляюць веру ў перамогу дабра. У вершах паэткі – добрая і напеўная беларуская мова. На першы погляд яна простая і даходлівая. Але аўтар тонка адчувае беларускае слова, праз якое яскрава раскрывае вобразы, дазваляючы данесці да чытача думкі і эмоцыі.
На вершы Валянціны Фёдараўны напісана больш 200 песень, якія выконваюць Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», салісты Магілёўскай абласной філармоніі, Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншыя. Яна з’яўляецца лаўрэатам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх фестываляў аўтарскай песні.
Валянціна Фёдараўна – неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў. Аўтар 14 зборнікаў вершаў, аўтар-выканаўца 2-х альбомаў песень. Друкавалася ў калектыўных зборніках выдавецтва «Мастацкая літаратура».
– Я пішу песні, іх выконваюць салісты і сама спяваю. Гэта рамансы, народныя песні, а чырвонай ніткай у маёй творчасці праходзіць тэма кахання да Радзімы. Два зборнікі прысвечаны малой Радзіме, – расказала паэтка. – Перад тым, як напісаць, я звяртаюся да Бога і дзякую яму за магчымасць успрымаць гэты свет, радавацца таму, як прачынаецца сонца, як ідзе дождж, як дрэвы зелянеюць вясной, як клякочуць буслы.
Пісаць душой і сэрцам
Тэма любові да Беларусі, малой радзімы займае цэнтральнае месца ў творчасці Валянціны Габрусевай. Яе вершы і песні ўзвышаюць, абуджаюць у чалавеку самыя высокія патрыятычныя пачуцці.
– Прыгажэй месцаў, чым у Беларусі, я не бачыла нідзе. І такіх людзей таксама. Беларусы добрыя, працавітыя – адзначыла яна.
– Я вельмі люблю збіраць грыбы, хадзіць на балоты па журавіны, любавацца прыродай роднай краіны, а таксама вырошчваць кветкі. Расліны – гэта жывая істота, з імі трэба размаўляць. У мяне каля дома 25 сотак зямлі. З іх 5 – агарод, астатняе – кветкі: шмат руж, астры, аксаміткі, вяргіні на радасць людзям и сабе.
Паэзія Валянціны Габрусевай – жыццесцвярджальная. Яе вершы прасякнуты любоўю да жыцця, да людзей, да прыроды, да Радзімы:
«Дзе бары і лясы
Не шкадуюць красы,
Тут дыханню майму не спыніцца,
Я душу не згублю,
Калі лягу ў зямлю,
Дзе пашчасціла мне нарадзіцца».
Валянціна Тарасенка. Фота Анастасіі Клімовіч.





