Жывое слова на алімпіядзе: Алесь Казека сустрэўся з юнымі філолагамі ў электратэхнічным каледжы

Жывое слова на алімпіядзе: Алесь Казека сустрэўся з юнымі філолагамі ў электратэхнічным каледжы

У Магілёўскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы адбылася сустрэча старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі з удзельнікамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». У зале сабраліся тыя, для каго літаратура — не проста школьны прадмет, а жывое дыханне сучаснасці.

Мерапрыемства адкрыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна. Яна шчырымі словамі вітала аматараў роднай мовы і літаратуры, падкрэсліваючы важнасць захавання і развіцця нацыянальнай культурнай спадчыны.

Для юных філолагаў асабліва цікавай была магчымасць пачуць чалавека, дзякуючы якому літаратурнае жыццё на Магілёўшчыне не спыняецца ні на хвіліну. Пад кіраўніцтвам Алеся Казекі Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіць велізарную працу: ад выдання новых кніг і падтрымкі маладых талентаў да арганізацыі буйных культурных праектаў, якія аб’ядноўваюць людзей, неабыякавых да мастацкага слова.

Алесь Мікалаевіч — чалавек глыбокага розуму, шчодрай душы і вялікага таленту. Яго творчасць даўно знайшла водгук у сэрцах чытачоў, а сустрэча з ім стала сапраўдным падарункам для тых, хто толькі пачынае свой шлях у свеце літаратуры.

У выкананні навучэнцаў і выкладчыкаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя «Марыйка» па аднайменнай паэме Алеся Казекі. Твор, прысвечаны трагічным старонкам гісторыі — знішчэнню беларускіх вёсак разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — уразіў глыбінёй і шчырасцю.

— Перамога над ворагам была дасягнута цаной вялікіх страт. Адной з формаў генацыду беларускага народа стала знішчэнне вёсак разам з жыхарамі. Твор прысвечаны менавіта гэтым падзеям і вельмі ўражвае. Гэта і рэквіем аб загінулых, і ода сіле чалавечага духу, стойкасці і нязломнасці, веры ў перамогу, веры ў справядлівасць, — адзначыла Ірына Булаўкіна.

Паэма, якая кранае глыбокія пачуцці і падымае важныя маральныя пытанні, была прадстаўлена ў сапраўдным сінтэзе слова, музыкі і эмоцый. Юныя філолагі ўважліва глядзелі пастаноўку, перажываючы разам з героямі.

Пасля завяршэння выступлення ўдзельнікі алімпіяды з задавальненнем уступілі ў жывы дыялог з Алесем Казекам. Часта бывае, калі ты чытаеш твор, узнікаюць пытанні, якія хацелася б задаць самому пісьменніку. І такая магчымасць выпала юным знаўцам слова.

Вучняў цікавіла, як нараджаюцца вобразы, якія выклікі стаяць перад сучасным пісьменнікам, як знайсці свой уласны стыль. Алесь Мікалаевіч душэўна і адкрыта адказаў на кожнае пытанне, падзяліўшыся сакрэтамі майстэрства і ўласным бачаннем ролі літаратуры ў жыцці чалавека. Яго шчырыя і мудрыя словы знайшлі водгук у сэрцах моладзі.

Завяршэннем сустрэчы стала аўтограф-сесія, якая пакінула ў кожнага ўдзельніка на памяць не проста подпіс, а адчуванне прыналежнасці да свету вялікай літаратуры. Гэтая сустрэча стала яскравым прыкладам таго, як жывое слова, падмацаванае шчырасцю і талентам, здольна аб’ядноўваць, натхняць і надаваць сілы для новых творчых вяршынь.

Фотаздымкі Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура