У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася творчая сустрэча «У неразлучнасці з сабой» члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта-песенніка Валянціны Габрусевай. Мерапрыемства прайшло ў рамках сумеснага праекта Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і бібліятэкі «Мать Земная по имени Женщина».

Вечар аб’яднаў аматараў літаратуры і музыкі, калег па творчасці, сяброў і прыхільнікаў аўтара. Асаблівай падзеяй стала прэзентацыя новага зборніка песень «Не о былом». Некалькі кампазіцый прагучалі са сцэны ў выкананні гасцей сустрэчы, што надало мерапрыемству камерную і душэўную атмасферу. Творчасць Валянціны Габрусевай як паэта-песенніка адметная шчырасцю, лірычнасцю і ўвагай да ўнутранага свету чалавека — яе тэксты лёгка кладуцца на музыку і знаходзяць водгук у слухачоў розных пакаленняў.

Падчас сустрэчы аўтар актыўна размаўляла з прысутнымі, дзялілася гісторыямі стварэння вершаў і песень, чытала творы. Гучалі развагі пра жыццёвы шлях, духоўныя каштоўнасці, каханне, памяць і надзею — тэмы, якія праходзяць праз усю яе літаратурную і музычную творчасць.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алесь Казека, які адзначыў значнасць падзеі і творчай асобы аўтара:
— Я рады бачыць вас на гэтай сустрэчы. Сёння ў адной зале сабралася столькі зорак — людзей з цёплымі сэрцамі. Валянціна Фёдараўна — мой шаноўны сябар і творца, чалавек багатага жыццёвага вопыту. Новы зборнік «Не а былом» мае вельмі дакладную назву, бо наша жыццё — не пра мінулае, а пра будучыню: пра святло, сонца, радасць і шчасце, да якіх мы ідзём.




















