Маштабная падзея — літаратурна-музычны праект «Натхнёныя любоўю да Радзімы…» — аб’яднала на сцэне Магілёўскай абласной філармоніі творчую эліту рэгіёну. Упершыню за доўгі час на адной пляцоўцы сустрэліся пісьменнікі, музыканты і вакалісты, каб разам стварыць непаўторную атмасферу шчырасці і натхнення.
Асаблівай каштоўнасцю вечара стала тое, што са сцэны гучалі аўтарскія вершы ў выкананні саміх паэтаў. Члены Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека, Валянціна Габрусева, Вольга Бялова і Алёна Беланожка прэзентавалі свае абраныя творы, сабраўшы поўную залу сапраўдных аматараў жывога літаратурнага слова.
Музычным абрамленнем вечара сталі выступленні салістаў філармоніі: Лады Шпакоўскай, Елізаветы Вараб’ёвай, ансамбля «Камеранс», а таксама фіналісткі тэлепраекту «Фактар.BY» Дар’і Часлаўскай, якая кранула сэрцы гледачоў песняй на верш Яўгеніі Янішчыц «Не зберагла». Цёплай нотай адгукнуўся дуэт вядомага спевака Пашы Любчанкі з яго жонкай, пісьменніцай Аленай Курэк. Асаблівым госцем стала Кацярына Костусева, якая выканала песні на вершы Валянціны Габрусевай.
Яшчэ адной адметнасцю мерапрыемства стала… адсутнасць яркага фіналу, да якіх мы ўсе вельмі прывыклі. Як сказала са сцэны аўтар і вядучая праекта Алёна Беланожка, эмацыйную кропку было вырашана не ставіць наўмысна, бо праект плануецца працяглым у часе і прасторы. Замест кропкі — выразнае і ёмістае шматкроп’е. І ўжо даволі хутка «Натхнёныя любоўю да Радзімы…» зноў збяруць у канцэртнай зале Магілёўскай абласной філармоніі прыхільнікаў добрай музыкі і шчырага, жывога літаратурнага слова.















