Запамінальна і яскрава на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбылося выступленне Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пісьменнікі Магілёўшчыны прадставілі імпрэзу «Нас творчасць любоўю яднае», прысвечаную Году беларускай жанчыны, 35-годдзю СНД і 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Праграма складалася з трох частак: «Нас творчасць любоўю яднае», «Маці Зямная па імені Жанчына» і «Ажыўшыя лісты вайны».
У кожным блоку гучалі творы адпаведнай тэматыкі ў выкананні Вольгі Бяловай, Валянціны Габрусевай, Жанны Міус, Віктара Кунцэвіча, чытача — майстра мастацкага слова абласной філармонii Алёны Беланожка, педагога дадатковай адукацыi магiлёўскай сярэдняй школы № 18 Алены Любчанка, горацкай пісьменніцы Наталлі Ніканчук. Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, зачытаў верш, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, якая, па словах пісьменніка, з’яўляецца духоўнай маці Беларусі. Асабісты каларыт мерапрыемству надалі песні «Беларусь мая родная» і «Посреди тишины» на словы Алеся Казекі ў выкананні аўтара музыкі, артыста Магілёўскай абласной філармоніі Паўла Любчанкі.
На галоўнай сцэне выставы адбылося прадстаўленне культурна-адукацыйнага праекта Вольгі Бяловай «Ажыўшыя лісты вайны», атрымаўшага грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы маладзёжнай палітыкі. Не скрываючы слёз на вачах, прысутныя слухалі лісты з Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці і Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў выкананні навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацваў Мікалая Галіцкага, Віялеты Гаўрыленка, Лізаветы Ліпскай і Маргарыты Царовай.
Утульна і шматлюдна было і на дзіцячай пляцоўцы Выдавецкага дома «Звязда». Там са сваімі маленькімі чытачамі сустракаліся Жанна Міус і Вольга Бялова. Дзеці атрымалі асалоду, знаёмячыся з маленькай балонкай Майкай, непаседлівымі панчохамі Панчам і Чохам і іншымі героямі кніг Жанны Міус. Вольга Бялова на пляцоўцы прэзентавала сваю новую дзіцячую кнігу «Савелій, Ліхтарык і Чароўная фарбачка».
Зацікаўленныя чытачы змаглі набыць кнігі Жанны Міус, Вольгі Бяловай і Наталлі Ніканчук падчас аўтограф-сесіі на пляцоўцы Выдавецкага дома «Звязда».

























