Яраслаў Федарынчык: для грамадзяніна Беларусі, патрыёта сваёй краіны, дата 17 верасня – святая, непарушная і непахісная

– Дзень народнага адзінства для мяне не проста адно са шматлікіх дзяржаўных святаў. Для мяне ў гэтым свяце ёсць нямала асабістага. Па-першае, у дзяцінстве я жыў у горадзе Брэсце на вуліцы 17 верасня і з першага класа добра ведаў сэнс і важнасць гэтай даты ў гісторыі беларускага народа. Па-другое, уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе адыграла лёсавызначальную ролю і ў жыцці маёй сям’і. Справа ў тым, што мая бабуля па бацькавай лініі жыла ў Гродна, а дзядуля – у Мінскай вобласці. У красавіку 1941 года ён, будучы афіцэрам Чырвонай арміі, старэйшым лейтэнантам, прыбыў у гэты заходні горад на службу, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Неўзабаве маіх бабулю і дзядулю назаўжды разлучыла Вялікая Айчынная вайна. Іх шчасце атрымалася зусім кароткім, але яны падарылі жыццё майму бацьку, дзякуючы іх шлюбу, з’явіўся на свет і я.
Так склалася гісторыя беларускага народа, што многія стагоддзі нашы продкі знаходзіліся пад уладай іншых нацый, былі вымушаны жыць па чужых законах, але марылі і імкнуліся «людзьмі звацца», быць гаспадарамі на сваёй зямлі, быць свабоднымі, мець сваю дзяржаўнасць. Тысячагадовая цяга беларусаў мець сваю краіну і незалежнасць рэалізавалася толькі ў пачатку XX стагоддзя! Аднак ужо неўзабаве нашым продкам давялося заплаціць вельмі высокі кошт за сваю і за нашу свабоду – яе заплаціла кожная сям’я. Гора і трагедый на лёс беларускага народа выпала з лішкам…
Сёння мы жывём у суверэннай Рэспубліцы Беларусь і маем магчымасць праз інстытуты дзяржаўных органаў самастойна вызначаць сваю сучаснасць і будучыню. І гэта найвышэйшая каштоўнасць! Страціць незалежнасць ці тэрытарыяльную цэласнасць – недапушчальная памылка для нацыі, прадухіліць якую здольна толькі адзінае, згуртаванае грамадства. Таму для грамадзяніна Беларусі, патрыёта сваёй краіны, дата 17 верасня – святая, непарушная і непахісная. І не інакш.