Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў культурнай сталіцы Беларусі – Бялынічах – прэзентуе выставу “Янка Купала ў маім сэрцы”.
Вернісаж адбудзецца ў Мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, філіяле Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава.
Выстава прымеркавана адразу да некалькіх юбілейных дат, якія вядуць адлік з 1944 года. Найперш гэта 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама 80 гадоў таму быў заснаваны Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, а Вітольд Бялініцкі-Біруля атрымаў званне народнага мастака Беларусі.
Праект прысвечаны памяці Янкі Раманоўскага (1928–1974) – пляменніка Янкі Купалы, мастака-графіка, юнацтва якога азмрочыла Вялікая Айчынная вайна. Яго дзяцінства прайшло ў доме паэта ў Мінску і на дачы ў Ляўках, куды дабіраліся, магчыма, і праз Бялынічы.
Мастацкую адукацыю пачаў у 11-гадовым узросце ў Мінскай студыі юных дараванняў у Валянціна Волкава. У 1947 годзе паступіў у мастацкае вучылішча ў Мінску. З 1953 па 1959 год вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Большая частка мастацкай спадчыны Я. Раманоўскага была звязаная з адлюстраваньнем жыццёвага і творчага шляху Янкі Купалы, першага народнага паэта Беларусі. Дыпломная праца Я. Раманоўскага – серыя каляровых літаграфій “А хто там ідзе?” паводле аднайменнага верша Янкі Купалы, захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Сябра Беларускага саюза мастакоў, Я. Раманоўскі з 1969 года і да канца жыцця працаваў мастацкім рэдактарам часопіса “Маладосць”.
У аснове выставы – гравюры юбілейнага альбома эстампаў “Янка Купала” (1971), які распачынаецца кранальнымі словамі мастака: “Янка Купала ў маім сэрцы з самых ранніх дзіцячых гадоў. … Успамінаючы пра Янку Купалу, простага, абаяльнага чалавека і ў той жа час вялікага паэта, загарэўся я жаданнем паказаць яго такім, якім застаўся ён у маёй памяці. Так і нарадзіліся сабраныя тут лісты пра жыццёвы і творчы шлях народнага песняра”.
Запрашаем наведваць выставу з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з 16 ліпеня па 4 жніўня 2024 года ў Мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі па адрасе Бялынічы, вул. Савецкая, 13а.