У Клімавіцкім раёне, у вёсцы Хацень, жыве чалавек, чые рукі ствараюць сапраўдную магію з самых простых матэрыялаў. Таццяна Курлукова, майстар народных мастацкіх промыслаў мясцовага Дома рамёстваў, — адна з тых, хто першай у Магілёўскай вобласці ўзяўся за амаль забытае мастацтва ватнай цацкі. Яе шлях да рамяства — гэта гісторыя не пра раптоўнае азарэнне, а пра ўсвядомленае рашэнне вярнуцца да традыцый, якое нарадзілася далёка ад дома і прывяло яе назад, да вытокаў.
Першая і самая дарагая
Усё пачалося з вандроўкі ў Маскву і наведвання ўнікальнага Музея ватнай цацкі, знаёмства з якім для Таццяны Мікалаеўны стала сапраўдным адкрыццём.
— У музеі прадстаўлена вялікая калекцыя: ад канца трыццатых гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён, – дзеліцца ўражаннямі майстра. — Там былі рэдкія работы часоў СССР, вырабы сучасных аўтараў, цэлая гісторыя ў ляльках, звярках і навагодніх цацках. Я хадзіла ад вітрыны да вітрыны і не магла наглядзецца. У душы нешта ёкнула — мне захацелася навучыцца ствараць такую ж прыгажосць.
Гэта не было мімалётным жаданнем. Даведаўшыся, што ў музеі праводзяць майстар-класы, яна, не разважаючы, запісалася. Менавіта там, калі пазнаёмілася з вопытам захавальнікаў традыцый, Таццяна датыкнулася да тайн рамяства: убачыла ўвесь працэс, пазнала сакрэт прыгатавання старажытнага клейстару, які адкрылі ёй майстры мерапрыемства.
Вярнуўшыся на радзіму, Таццяна Мікалаеўна села за сваю першую ляльку. Не было ў каго вучыцца, толькі вялікае жаданне і настойлівасць. Яна звярталася да відэаўрокаў у інтэрнэце, выпісвала спецыяльныя кнігі, а штосьці прыходзілася дадумваць самой, метадам спроб, памылак і інтуіцыі.
— Маёй першай работай была дзяўчынка з абаранкамі, — успамінае майстрыца. — Я яе нікому не падарыла і не прадала, хоць жадаючыя былі. Яна засталася са мной як самая дарагая рэліквія — памяць аб пачатку шляху, аб тым першым нясмелым кроку ў дзіўны свет, які цяпер стаў маёй асноўнай жыццёвай дарогай.
Пасля першай лялькі ў яе майстэрні сталі нараджацца і іншыя: чароўныя звяры, героі савецкіх мультфільмаў. Большасць сваіх ранніх работ клімавіцкая майстрыца з шчодрасцю дарыла сябрам і знаёмым, дзелячыся цяплом, укладзеным у кожны выраб. Сціплае захапленне паступова перарасло ў нешта большае — у патрэбу душы.
Як прызнаецца сама Таццяна Мікалаеўна, галоўнае ў стварэнні цацкі — гэта ўменне бачыць прыгажосць, стварыць у ўяўленні жывую ідэю, а затым увасобіць яе з дапамогай нястомнай уседлівасці і стараннай працы. Тэхналогія — гэта аснова: спачатку ствараецца каркас, затым варыцца асаблівы клейстар па старажытным рэцэпце, падбіраюцца матэрыялы.
Але без унутранага агню любая тэхналогія застаецца проста рамяством.
З музея ў Дом рамёстваў
Лёсавызначальны паварот у жыцці нашай гераіні адбыўся, калі пасля дэкрэтнага адпачынку Таццяна Мікалаеўна ўладкавалася навуковым супрацоўнікам у Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей. Там яе ўнікальны талент не проста заўважылі — ён стаў прафесійным інструментам. Яна пачала праводзіць музейныя заняткі для школьнікаў, на якіх ажыўляла гісторыю: расказвала аб вытоках ватнай цацкі, народных традыцыях, а завяршала кожную сустрэчу майстар-класам.
— Мы з хлопцамі рабілі цацку-домік, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. — Дзецям гэта вельмі падабалася. Пазней да нас пачалі далучацца і дарослыя.
Яе работы, напоўненыя шчырасцю, неўзабаве сталі ўпрыгожваннем розных выставак. Талент майстрыцы прыцягнуў увагу спецыялістаў Клімавіцкага раённага Дома рамёстваў, куды яе і запрасілі на працу. І вось ужо пяць гадоў майстар народных мастацкіх промыслаў Таццяна Курлукова стварае тут сапраўдныя шэдэўры.
— Натхненне я чэрпала з савецкіх мультфільмаў і казак, але паступова мая цікавасць перамясцілася да нацыянальных і абрадавых лялек, — расказвае майстрыца. — Я звярнулася да кніг па этнаграфіі, вывучала беларускія абрады, шукала глыбокі сэнс у кожным вобразе.
Так нарадзіліся ўнікальныя серыі абрадавых ватных цацак. Спачатку яна ўпрыгожвала іх кавалкамі яскравых тканін, а затым пачала ствараць для лялек малюсенькія фартушкі і паяскі, аформленыя ўласнай вышыўкай з выкарыстаннем арнаментаў менавіта Клімавіцкага рэгіёну. Кожная такая лялька стала не проста сувенірам, а захавальнікам мясцовай культурнай памяці.
— Працэс стварэння цацкі — працаёмкі і доўгі, — тлумачыць суразмоўніца. — Пасля нанясення кожнага пласта ваты неабходна старанная прасушка. І, вядома, тут нельга абысціся без пачуцця густу і мастацкага таленту.
Вышэйшай ацэнкай майстэрства Таццяны Курлуковай стала падзея 2023 года. Яна зрабіла набор купальскіх цацак з ваты для Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а куфэрак, у якім яны змясціліся, — разьбяр па дрэве, загадчык Дома рамёстваў Дзмітрый Мацвееў. Цяпер гэты вытанчаны і шчыры падарунак клімавіцкіх майстроў займае ганаровае месца сярод экспанатаў музея ў Палацы Незалежнасці.
Эстафета майстэрства
У сценах Клімавіцкага раённага Дома рамёстваў нараджаецца не проста будучыня народнага мастацтва — там беражліва вырошчваюць новае пакаленне майстроў. У дзіцячым аматарскім аб’яднанні «Казкавы свет з ваты», якое вядзе Таццяна Курлукова, няма месца сумным лекцыям. Тут пануе атмасфера жывой творчасці, дзе пад чуйным кіраўніцтвам майстра дзіцячыя рукі вучацца ператвараць мяккую вату ў забаўных звяркоў і казачных персанажаў.
— Прыемна бачыць шчырую цікавасць у вачах дзяцей, — дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. — Яны з такой радасцю прыбягаюць на заняткі! Разам мы прыдумваем, што будзем ствараць, які памер будзе ў нашай цацкі, у якія колеры яе расфарбуем.
Таццяна Мікалаеўна ўпэўнена, што такія ўрокі творчасці — не проста прыемнае правядзенне часу. Магчыма, камусьці яны спатрэбяцца ў будучыні, закладуць аснову будучай прафесіі або проста навучаць бачыць прыгажосць у простым. А можа, менавіта тут, сярод слоікаў з клейстарам і яркіх кускоў тканіны, хтосьці з яе вучняў звяжа сваё жыццё з старажытным рамяством, працягнуўшы эстафету майстэрства.
— Бо нездарма ў народзе кажуць: «Майстэрства за плячыма не насіць», — нагадвае яна старую мудрую прыказку. — Веды і навыкі — гэта тое адзінае багацце, якое заўсёды пры табе, якое ніхто не адбярэ і якое можна толькі павялічваць, перадаючы іншым.
Сёння Таццяна Курлукова — прызнаны майстар, чые работы сагрэты асаблівым хатнім цяплом. Яна не проста паўтарае старажытныя ўзоры, а ўкладвае ў іх душу і сваю гісторыю. Яе лялькі і звяркі — гэта масток паміж мінулым і сучасным, паміж музейнай вітрынай у горадзе і ўтульнай майстэрняй у Доме рамёстваў, дзе працягвае жыць сапраўдны цуд рукатворнай казкі.
Фотаздымкі аўтара















