Як у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ідзе рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы «АПК будучыні»

Як у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ідзе рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы «АПК будучыні»

Старэйшая аграрная вышэйшая навучальеая ўстанова краіны зрабіла чарговы ўпэўнены крок да лічбавізацыі і практыка-арыентаванага навучання, адчыніўшы дзверы студэнтам у сучасныя лабараторыі і інавацыйныя прасторы.

Першым эстафету пераўтварэнняў прыняў меліярацыйна-будаўнічы факультэт. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё лабараторыі сістэм водазабеспячэння і аўтаматыкі, а таксама будаўнічай лабараторыі.

Дэкан факультэта Юрый Дуброва адзначыў, што гэта толькі частка стратэгіі развіцця падраздзялення: ужо ў наступным годзе плануецца запуск яшчэ дзвюх падобных пляцовак, попыт на якія сярод студэнтаў і спецыялістаў, што імкнуцца павысіць кваліфікацыю, расце з кожным днём.

Рэктар БДСГА Віталь Веліканаў выказаў асаблівую падзяку калектыву і студэнтам факультэта, якія ўклалі шмат сіл у стварэнне гэтых прастор, фактычна падрыхтаваўшы падмурак для будучага Цэнтра кампетэнцый.

Ганаровае права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку падзялілі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Віталь Кулак, рэктар акадэміі і дэкан факультэта.

Сёння ў Беларусі рэалі­зуецца Дзяржаўная праграма «АПК будучыні», якая ставіць перад галіной новыя задачы: ад лічбавізацыі да тэхналагічнага абнаўлення. Віталь Уладзіміравіч падкрэсліў, што менавіта на цяперашніх студэнтаў – як першакурснікаў, так і тых, хто неўзабаве атрымае дыпломы, – ускладаюцца вялікія надзеі ў развіцці аграпрамысловага комплексу.

Госці, сярод якіх былі прадстаўнікі ўлады, міністэрстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў і прэса, змаглі асабіста ацаніць тэхнічнае аснашчэнне аўдыторый. Студэнты і выкладчыкі прадэманстравалі работу абсталявання, адзначыўшы, што новыя прыборы стануць добрымі памочнікамі не толькі ў засваенні прафесіі, але і ў правядзенні сур’ёзных навуковых даследаванняў.

Не менш значныя падзеі разгарнуліся на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі. Дэкан Уладзімір Гусараў зрабіў акцэнт на актыўным укараненні сучасных тэхналогій у навучальны працэс, адзначыўшы значную падтрымку з боку беларускіх прадпрыемстваў-флагманаў.

Сапраўдным падарункам да 185-годдзя акадэміі стала фірмовая навучальная аўдыторыя ад ААТ «МТЗ». Памяшканне, адрамантаванае сіламі факультэта, цяпер аснашчана па апошнім слове тэхнікі. Асаблівую ўвагу прыцягваюць высокаінтэлектуальныя сімулятары віртуальнай рэаль­насці, якія дазваляюць будучым інжынерам адточваць майстэрства прама ў аўдыторыі.

Урачыстую цырымонію адкрыцця правялі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і хар­чавання, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці Уладзімір Піскіжаў і рэктар акадэміі. Уладзімір Уладзіміравіч пад­крэсліў, што завод заўсёды гатовы падтрымліваць БДСГА, бо менавіта тут гартуюцца кадры, ад якіх будзе залежыць харчовая бяспека краіны.

Дэманстрацыя магчымасцей VR-трэнажораў моцна ўразіла гасцей: магчымасць «праехацца» на трактары ці правесці складаныя тэхнічныя маніпуляцыі ў віртуальным асяроддзі ператварае заняткі ў захапляльны працэс. Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Гусараў падзяліўся вопытам рэалізацыі на факультэце мерапрыемстваў па прафарыентацыі, накіраваных на папулярызацыю аграрнай працы і выхаванне ў моладзі шчырай любові да сваёй справы.

Адкрыццё гэтых адукацыйных прастор — яскравае пацверджанне таго, што БДСГА ідзе ў нагу з часам, ствараючы для сваіх студэнтаў найлепшыя ўмовы для прафесійнага росту. Інвестыцыі ў сучасныя лабараторыі — гэта інвестыцыі ў інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, у яе ўпэўненае заўтра. Акадэмія ў чарговы раз даказала: тут не толькі захоўваюць слаўныя традыцыі мінулага, але і смела будуюць будучыню, дзе тэхналогіі і прафесіяналізм становяцца галоўнымі рухавікамі развіцця сельскай гаспадаркі. Для студэнтаў жа абноўленыя аўдыторыі стануць той самай стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца шлях да вялікіх дасягненняў і прафесійнага прызнання. Цяпер навучальны працэс стане больш наглядным, глыбокім і, што важней за ўсё, максімальна набліжаным да практыкі.

Марына ЛЫСЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра ГУРЫКАВА.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Экономика