Старэйшая аграрная вышэйшая навучальеая ўстанова краіны зрабіла чарговы ўпэўнены крок да лічбавізацыі і практыка-арыентаванага навучання, адчыніўшы дзверы студэнтам у сучасныя лабараторыі і інавацыйныя прасторы.
Першым эстафету пераўтварэнняў прыняў меліярацыйна-будаўнічы факультэт. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё лабараторыі сістэм водазабеспячэння і аўтаматыкі, а таксама будаўнічай лабараторыі.
Дэкан факультэта Юрый Дуброва адзначыў, што гэта толькі частка стратэгіі развіцця падраздзялення: ужо ў наступным годзе плануецца запуск яшчэ дзвюх падобных пляцовак, попыт на якія сярод студэнтаў і спецыялістаў, што імкнуцца павысіць кваліфікацыю, расце з кожным днём.
Рэктар БДСГА Віталь Веліканаў выказаў асаблівую падзяку калектыву і студэнтам факультэта, якія ўклалі шмат сіл у стварэнне гэтых прастор, фактычна падрыхтаваўшы падмурак для будучага Цэнтра кампетэнцый.
Ганаровае права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку падзялілі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Віталь Кулак, рэктар акадэміі і дэкан факультэта.
Сёння ў Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма «АПК будучыні», якая ставіць перад галіной новыя задачы: ад лічбавізацыі да тэхналагічнага абнаўлення. Віталь Уладзіміравіч падкрэсліў, што менавіта на цяперашніх студэнтаў – як першакурснікаў, так і тых, хто неўзабаве атрымае дыпломы, – ускладаюцца вялікія надзеі ў развіцці аграпрамысловага комплексу.
Госці, сярод якіх былі прадстаўнікі ўлады, міністэрстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў і прэса, змаглі асабіста ацаніць тэхнічнае аснашчэнне аўдыторый. Студэнты і выкладчыкі прадэманстравалі работу абсталявання, адзначыўшы, што новыя прыборы стануць добрымі памочнікамі не толькі ў засваенні прафесіі, але і ў правядзенні сур’ёзных навуковых даследаванняў.
Не менш значныя падзеі разгарнуліся на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі. Дэкан Уладзімір Гусараў зрабіў акцэнт на актыўным укараненні сучасных тэхналогій у навучальны працэс, адзначыўшы значную падтрымку з боку беларускіх прадпрыемстваў-флагманаў.
Сапраўдным падарункам да 185-годдзя акадэміі стала фірмовая навучальная аўдыторыя ад ААТ «МТЗ». Памяшканне, адрамантаванае сіламі факультэта, цяпер аснашчана па апошнім слове тэхнікі. Асаблівую ўвагу прыцягваюць высокаінтэлектуальныя сімулятары віртуальнай рэальнасці, якія дазваляюць будучым інжынерам адточваць майстэрства прама ў аўдыторыі.
Урачыстую цырымонію адкрыцця правялі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці Уладзімір Піскіжаў і рэктар акадэміі. Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што завод заўсёды гатовы падтрымліваць БДСГА, бо менавіта тут гартуюцца кадры, ад якіх будзе залежыць харчовая бяспека краіны.
Дэманстрацыя магчымасцей VR-трэнажораў моцна ўразіла гасцей: магчымасць «праехацца» на трактары ці правесці складаныя тэхнічныя маніпуляцыі ў віртуальным асяроддзі ператварае заняткі ў захапляльны працэс. Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Гусараў падзяліўся вопытам рэалізацыі на факультэце мерапрыемстваў па прафарыентацыі, накіраваных на папулярызацыю аграрнай працы і выхаванне ў моладзі шчырай любові да сваёй справы.
Адкрыццё гэтых адукацыйных прастор — яскравае пацверджанне таго, што БДСГА ідзе ў нагу з часам, ствараючы для сваіх студэнтаў найлепшыя ўмовы для прафесійнага росту. Інвестыцыі ў сучасныя лабараторыі — гэта інвестыцыі ў інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, у яе ўпэўненае заўтра. Акадэмія ў чарговы раз даказала: тут не толькі захоўваюць слаўныя традыцыі мінулага, але і смела будуюць будучыню, дзе тэхналогіі і прафесіяналізм становяцца галоўнымі рухавікамі развіцця сельскай гаспадаркі. Для студэнтаў жа абноўленыя аўдыторыі стануць той самай стартавай пляцоўкай, з якой пачынаецца шлях да вялікіх дасягненняў і прафесійнага прызнання. Цяпер навучальны працэс стане больш наглядным, глыбокім і, што важней за ўсё, максімальна набліжаным да практыкі.
Марына ЛЫСЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра ГУРЫКАВА.










