Занальны этап конкурсу “У далонях маёй Беларусі” прайшоў у Магілёве. Фота

Фота: Раман Руцкi
У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы прайшоў другі этап занальнага прагляду абласного агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”.
Свае тэатралізваныя пастаноўкі 10 лютага прадэманстравалі канкурсанты як з горада Магілёва, так і з Шклоўскага, Круглянскага, Бялыніцкага, Дрыбінскага, Быхаўскага, Магілёўскага раёнаў.
У конкурсе прынялі ўдзел разнажанравыя аматарскія тэатральныя калектывы ўстаноў культуры, якія працуюць у жанры тэатральнага мастацтва.
Так, узорнае аматарскае аб’яднанне “Лялечны гурток “Бусляня” дзіцячай раённай бібліятэкі ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна” прадставіла тэатралізаванае прадстаўленне “Свята ў роднай хаце” (аўтар Л.У.Кажакіна).
Народны тэатр мініяцюр “Імпульс” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялынічскага раёна” паказаў спектакль “Спрэчка, або казка дамавіка” (аўтар А.Алесандрын) і ўрывак з рамана І.Шамякіна “Гандлярка і паэт”.
Быхаўскі раён прадстаўлялі ўдзельнікі народнага тэатральнага калектыва “Крыніца”. А вось г.Магілёў — народны тэатр “Шалом”, народны тэатр Палаца культуры вобласць і тэатр чытальнікаў “Вытокі” каледжа мастацтваў.
Літаратурна-музычную кампазіцыю “Хмарка” Я.Коласа прадставілі удзельнікі народнага тэатра чытальнікаў “Сюжэт” раённага цэнтра культуры Магілёўскай вобласці.
Заключны этап конкурсу пройдзе ў трэцяй дэкадзе сакавіка ў Магілёскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. На суд гледачоў будуць прадстаўлены лепшыя тэатральныя пастаноўкі тэатральных калектываў, пераможцаў трох занальных этапаў.