У канцэртнай зале Магілёўскай абласной філармоніі прайшла чарговая сустрэча пісьменнікаў і артыстаў Магілёўшчыны з аматарамі жывога літаратурнага слова. Гэта ўжо трэцяя сустрэча ў рамках творчага праекта “Натхнёныя любоўю да Радзімы”.
Праект Магілёўскай абласной філармоніі і Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі збірае на адной сцэне паэтаў і празаікаў, кампазітараў, музыкантаў і спевакоў, прафесійных артыстаў і навучэнцаў профільных устаноў адукацыі.
Гэтым разам сустрэча была прысвечана Дню Перамогі. Са сцэны гучалі вершы пра вайну і гераізм беларускага народа, пра прыгажосць нашай Радзімы, традыцыі беларусаў. Адным з яркіх момантаў мерапрыемства стала прэзентацыя праекта “Ажыўшыя лісты вайны” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, аўтарам якога з’яўляецца выкладчык каледжа, кіраўнік тэатра “Атмасфера”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. Вольга Юр’еўна распавяла, што ўсяго ў праекце гучаць восемдзесят лістоў ваенных часоў, знойдзеных у архівах Магілёўшчыны. У гэтым годзе праект атрымаў Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У творчай праграме праекта “Натхнёныя любоў да Радзімы” прынялі ўдзел артысты філармоніі Вольга Гарнічар і Павел Любчанка, баяніст-віртуоз Пётр Войчанка; лаўрэат творчых конкурсаў, кампазітар, выканаўца аўтарскіх песень Алена Грышчанкова; лаўрэат творчых конкурсаў, спявачка Кацярына Костусева; лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Кацярына Клешчанок.
Жывое літаратурнае слова адрасавалі гледачам пісьменнікі Магілёўшчыны: старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека і члены аддзялення: паэтэса Валянціна Габрусева, празаік Галіна Пярун і аўтар літаратурна-музычнага праекта “Натхнёныя любоўю да Радзімы” Алёна Беланожка.


















