На XXXII Дні беларускага пісьменства Магілёўская вобласць прадставіла разнапланавую экспазіцыю і праграму, якая аб’яднала літаратурныя, гістарычныя і народна-прыкладныя праекты.

Тут разгорнута выстава «Літаратурны скарб Касцюкоўшчыны», што знаёміць наведвальнікаў з творчай спадчынай і літаратурнымі традыцыямі Касцюковіцкага раёна. Асобны раздзел прысвечаны праекту «Магілёўскія старонкі гісторыі Вялікай Перамогі», прымеркаванаму да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыі прадстаўлены старонкі газеты «Магілёўскія ведамасці», дзе адлюстраваны праекты, прысвечаныя тэме вайны, захаванню гістарычнай памяці і гераізму землякоў.

У павільёне таксама дзейнічае экспазіцыя Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, дзе прадстаўлены інфармацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя да свята, а Саюз пісьменнікаў Беларусі — Магілёўскае абласное аддзяленне — прадэманстраваў свае новыя і раней выдадзеныя кнігі.

Аб ролі пісьменнікаў і праграме, з якой Магілёўшчына прыехала на Дзень беларускага пісьменства, распавёў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека:
— Сёння мы адзначаем вялікае свята — Дзень беларускага пісьменства. Магілёўскае абласное аддзяленне прывезла на яго шырокую праграму пад назвай «Айчына. Дзяржава. Вера». У сваіх творах мы імкнемся перадаць любоў да Радзімы, памяць пра слаўныя і трагічныя моманты гісторыі, павагу да духоўных каштоўнасцей. Наша галоўная задача — выхоўваць чалавека, які захоўвае памяць, любіць сваю краіну і нясе сапраўдныя духоўныя арыенціры. У гэтым — будучыня нашай цывілізацыі. На свята мы прывезлі як ужо вядомыя кнігі, так і новыя выданні.

Не менш актыўнай стала пляцоўка народнай творчасці: майстры рэгіёна прадставілі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — упрыгажэнні, драўляныя цацкі, статуэткі, выцінанкі, вырабы з лозы і саломкі. Госці свята маглі не толькі азнаёміцца з творчасцю майстроў, але і набыць сувеніры, а таксама прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі.

Почэсныя госці — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і іншыя афіцыйныя асобы — наведалі павільён Магілёўскай вобласці. Экскурсію па экспазіцыі правёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Мікалай Сілкоў. У межах візіту гасцям былі ўручаны памятныя сувеніры.
Для ўдзельнікаў свята прагучаў музычны нумар: Уладзіслаў Любчанка разам з бацькам Паўлам выканалі песню «Мой сон». Кампазіцыя была станоўча ўспрынята арганізатарамі, і юны выканаўца атрымаў запрашэнне выступіць на галоўнай сцэне свята.

Традыцыйнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі Магілёўшчыны. У намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» за кнігу «Буйніцкае поле: застацца і памерці» прэмію атрымаў Мікалай Барысенка, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру».
















