У Касцюковіцкім раённым Цэнтры культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная памяці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. 6 лютага 2024 года яму споўнілася б 110 гадоў.
Імя Аркадзя Куляшова вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Народны паэт Беларусі ўнёс неацэнны ўклад у літаратурную спадчыну, а яго творы перакладзены на многія мовы свету і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
На літаратурна-музычны вечар «Я на ўсё жыццё абраў дарогу…» сабраліся паважаныя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ларыса Герасімава, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр Казека, паэтка Наталля Азаранка, а таксама навучэнцы школ і землякі Аркадзя Куляшова.
Падчас літаратурна-музычнага вечара гучалі творы паэта ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры, членаў народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці «Крынічка». Сваё відэапрывітанне адрасаваў усім гасцям мерапрыемства рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Дзяніс Дук.
– На Касцюковіцкай зямлі нарадзіліся вельмі таленавітыя людзі. І таму я заўсёды з жаданнем прыязджаю сюды, а дадому вяртаюся з ураджаннямі. Дзякуй усім арганізатарам гэтага мерапрыемства, вядучым, артыстам, якія закранулі ўсе струны душы. Лёс Аркадзя Куляшова быў складаным – у яго жыцці была вайна. А ў нас няма. Зразумейце толькі, якое гэта шчасце! Аркадзь Куляшоў пісаў пра шматлікія важныя рэчы. Яго творчасць павінна жыць не проста на паперы ў бібліятэцы, а ў вашых сэрцах, быць на вашых вуснах. Гэта не толькі наша гісторыя, гэта наша будучыня, — падкрэсліў Аляксандр Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
: