Юбілейны творчы вечар члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта-песенніка Валянціны Габрусевай «Музыка жыцця» прайшоў у Магілёве 5 сакавіка.
Сапраўднае свята паэзіі і музыкі адбылося ў Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры i вольнага часу. Тут сабраліся пісьменнікі, моладзь, ветэраны, жыхары абласнога цэнтра, каб адзначыць 75-годдзе члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта-песенніка Валянціны Габрусевай. Увесь вечар са сцэны гучалі чароўныя вершы і песні юбіляра. Валянціна Габрусева — аўтар дзесяці паэтычных і песенных зборнікаў. Тэматыка яе вершаў разнастайная, але чырвонай ніткай праходзіць тэма любові да Раздімы:
Я пакланюся роднай сваёй хаце
Ля траў мурожных у святле бяроз,
Схілюся нізка перад бацькам з маці
За іх складаны і мой шчасны лёс.
Дзе ты стаіш іконай прад вачыма,
Якой штодзень малюся не здаля.
Мая святая малая Радзіма,
Вялікая, бясцэнная зямля.
Прысутныя змаглі адчуць асалоду ад песень Валянціны Габрусевай як у яе аўтарскім выкананні, так і ў выкананні творчых калектываў горада.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас Валянціны Фёдараўны ад прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў, калег і сяброў. Яна прымала віншаванні ад старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі, старшыні Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў Зінаіды Пяньковай і намесніка начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь палкоўніка міліцыі Андрэя Бондарава.
За развіццё і захаванне літаратурных традыцый Магілёўскага краю, духоўнае, маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі Габрусева Валянціна Фёдараўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Таксама ёй была ўручана Ганаровая грамата Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў і кветкі ад кіраўніцтва Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Ад Міністэрства Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Валянціне Габрусевай уручаны медаль «За адзнаку».
Валянціна Габрусева 30 гадоў служыла ў міліцыі, з іх 20 гадоў — у Дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Шмат яе твораў прысвечана нялёгкай службе супрацоўнікаў міліцыі.
Цыкл песень, прысвечаных міліцэйскай тэматыцы, прагучаў у выкананні Алены Грышчанковай і супрацоўніка Дэпартамента аховы Антона Худаўца.
Па-сапраўднаму цёплую і ўтульную атмасферу свята стварала вядучая вечара, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. Усе выступленні выканаўцаў суправаждаліся харыяграфічнымі нумарамі артыстаў ўзорнай студыі спартыўнага бальнага танца «Карнавал» (кіраўнік: Антаніна Халіпская).
У фае размяшчалася выстава «Талент шчодры і шматгранны», падрыхтаваная супрацоўнікамі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна.