Якія рарытэты прадставілі ў Касцюковічах

Якія рарытэты прадставілі ў Касцюковічах

Пішучая машынка Івана Чыгрынава, якая раней належала Максіму Танку, лямпа Янкі Брыля, тэлефон Алеся Звонака, старадрукі XVIII стагоддзя і рэдкія краязнаўчыя выданні — гэтыя і іншыя экспанаты можна ўбачыць у Павільёне рэдкай кнігі, які працуе ў Касцюковічах у рамках XXXIII Дня беларускага пісьменства.

Пляцоўка аб’яднала фонды музеяў і бібліятэк з розных рэгіёнаў краіны. Побач з кніжнымі рарытэтамі тут разгарнулася экспазіцыя «Кабінет пісьменніка», дзе літаратурная гісторыя раскрываецца праз асабістыя рэчы, рукапісы і прадметы, якімі карысталіся беларускія аўтары.

Адным з цэнтральных экспанатаў стала пішучая машынка народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, ураджэнца Касцюковіцкага раёна.

Як расказала вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Таццяна Васільева, у гэтага прадмета асаблівая гісторыя.

— Першым уладальнікам машынкі быў Максім Танк. Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў і Максім Танк разам працавалі ў Саюзе пісьменнікаў, шмат размаўлялі, сябравалі. Пазней Чыгрынаў набыў у Максіма Танка гэтую машынку. Яна даваенная, 1930 года, — расказала Таццяна Васільева.

Побач можна ўбачыць яшчэ адно сведчанне іх сяброўства — кнігу Івана Чыгрынава з дароўным надпісам Максіму Танку. Паводле слоў музейнага супрацоўніка, у ім пісьменнік дзякуе свайму сябру і прызнаецца, што без яго падтрымкі яго «перапёлка» не ўзляцела б так высока.

Экспазіцыю дапоўнілі і асабістыя рэчы іншых беларускіх літаратараў.

— Мы паспрабавалі стварыць сапраўдны пісьменніцкі кабінет. Тут сабраны рэчы розных аўтараў: тэлефон Алеся Звонака, лямпа Янкі Брыля, рукапісы, кнігі і іншыя музейныя прадметы. Так можна ўбачыць не толькі твор пісьменніка, але і тое асяроддзе, у якім ён працаваў, — адзначыла Таццяна Васільева.

Частку экспазіцыі прывезла ў Касцюковічы Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна. У яе вітрынах — краязнаўчыя выданні, якія выходзілі ў Віцебску ў XIX — пачатку XX стагоддзя.

Як адзначыла загадчык аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі Вольга Лебедзева, асаблівасць такіх выданняў — у іх невялікіх тыражах. Многія кнігі выдаваліся непасрэдна ў Віцебску і былі разлічаны на абмежаванае кола чытачоў, таму да нашага часу дайшлі толькі адзінкавыя асобнікі.

— Менавіта гэтыя адзінкі сёння складаюць асаблівую каштоўнасць нашай калекцыі, — падкрэсліла яна.

Адной з галоўных яе жамчужын стала «Віцебская даўніна» Аляксея Сапунова — гісторыка, археографа і краязнаўцы, які сабраў і ўвёў у навуковы абарот значны масіў дакументаў па гісторыі Віцебшчыны. Шматтомнае выданне выходзіла ў Віцебску ў 1883–1888 гадах.

— Гэта адно з самых прыгожых у паліграфічным плане выданняў свайго часу. У ім ёсць факсіміле арыгінальных дакументаў, каляровы друк, фотаздымкі, ілюстрацыі, карты. Асабліва каштоўна, што некаторыя помнікі гісторыі і культуры, змешчаныя на яго старонках, сёння ўжо не існуюць. І дзякуючы кнізе мы можам убачыць, якімі яны былі, — расказала Вольга Лебедзева.

Яшчэ сем рарытэтаў прадставілі з калекцыі Віцебскай духоўнай семінарыі. Сярод іх — старадрукаваны «Канонік» 1740 года і «Апакаліпсіс тлумачальны» 1913 года.

Апошняе выданне, нягледзячы на адносна позні для рарытэта год друку, вылучаецца афармленнем: застаўкамі і ініцыяламі ў паморскім стылі, а кожную з 72 частак тлумачэння суправаджае асобная ілюстрацыя.

— Гэта адна з жамчужын калекцыі Віцебскай епархіі, і мы з задавальненнем прадстаўляем яе ў Касцюковічах, — адзначыла Вольга Лебедзева.

Пры гэтым праца з рэдкімі кнігамі сёння не абмяжоўваецца толькі захаваннем арыгіналаў. Значная частка фондаў алічбоўваецца. Электронныя копіі даюць магчымасць даследчыкам працаваць з тэкстамі, не звяртаючыся кожны раз да арыгіналаў, якія патрабуюць асаблівых умоў захоўвання.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура

Теги День белорусской письменности - 2026