У Касцюковічах у рамках XXXIII Дня беларускага пісьменства адбылася цырымонія спецыяльнага памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства». Паштовы выпуск аб’яднаў традыцыйныя сімвалы пісьменства і пазнавальныя аб’екты горада, які сёлета прымае рэспубліканскае свята.
У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі Дзмітрый Жук, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена Драздовіч.
Для гашэння выкарыстоўваўся спецыяльны штэмпель, падрыхтаваны непасрэдна да XXXIII Дня беларускага пісьменства.
Канверт з арыгінальнай маркай быў уведзены ў паштовае абарачэнне 26 жніўня. Праект падрыхтавалі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і РУП «Белпошта» сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам. Выпуск працягнуў філатэлістычную серыю «Дзень беларускага пісьменства», якая штогод атрымлівае новае мастацкае афармленне з улікам горада — сталіцы свята.
Асаблівая ўвага нададзена мастацкаму рашэнню. На арыгінальнай марцы змешчаны кнігі, чарніліца і пяро — прадметы, непасрэдна звязаныя з гісторыяй пісьмовага слова. А сам канверт расказвае ўжо пра Касцюковічы: на ім прадстаўлены памятны знак «Літаратурная спадчына», раённы Цэнтр культуры, эмблема Дня беларускага пісьменства і герб горада.
Памятны знак «Літаратурная спадчына», які стаў адным з цэнтральных элементаў кампазіцыі, быў адкрыты ў Касцюковічах у 2022 годзе. Ён прысвечаны паэтам і пісьменнікам Касцюковіцкага раёна. Такім чынам, у афармленні паштовага выпуску спалучыліся агульныя сімвалы беларускага пісьменства і літаратурная гісторыя краю, які сёлета прымае свята.
Аўтарам мастацкага афармлення канверта і спецыяльнага штэмпеля стала Вольга Копачава, дызайн распрацавала Марына Крэзо. Тыраж выпуску склаў 27 тыс. экзэмпляраў.









