Адной з самых каларытных пляцовак XXXIII Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах стаў Горад майстроў. Тут сабраліся прадстаўнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных рэгіёнаў краіны, якія прывезлі на свята свае лепшыя работы і знаёмяць гасцей з традыцыйнымі і сучаснымі тэхнікамі.
На пляцоўцы можна не толькі разгледзець гатовыя вырабы, але і паназіраць, як яны нараджаюцца ў руках майстра. Побач з выставамі праходзяць майстар-класы, дзе наведвальнікі могуць даведацца пра асаблівасці розных рамёстваў і самі паспрабаваць асобныя прыёмы.
Адна з удзельніц Горада майстроў — Марына Пунько з Бярозы Брэсцкай вобласці. Яна працуе ў тэхніцы выцінанкі — стварае з паперы кампазіцыі, у якіх нават дробныя элементы патрабуюць дакладнасці і цярпення.
На Дзень беларускага пісьменства майстар прывезла работы, створаныя на працягу года. Для выставы, прызнаецца Марына, выбірала лепшыя.
— Я працую ў дзіцячай студыі, а паралельна займаюся выцінанкай і ствараю ўласныя работы. На працягу года яны паступова назапашваюцца, а потым лепшыя з іх едуць са мной на выставы і святы, — расказала майстар.
У Касцюковічах каля яе экспазіцыі пастаянна спыняюцца наведвальнікі. Асаблівую цікавасць выклікае сам працэс: многія ўпершыню блізка знаёмяцца з выцінанкай і разглядаюць тонкія ўзоры, выразаныя з паперы.
— Людзі падыходзяць, цікавяцца. Многія яшчэ не ведаюць, што такое выцінанка, таму хочацца не толькі паказаць гатовыя работы, але і расказаць, як яны ствараюцца. Я люблю працаваць менавіта з дробнымі дэталямі, — падзялілася Марына Пунько.
З выцінанкай яе прафесійна звязалі апошнія чатыры гады. Цікавасць да творчасці, аднак, з’явілася значна раней. Падчас першага дэкрэтнага водпуску Марына вярнулася ў мастацкую студыю, дзе калісьці вучылася сама. Пазней, ужо працуючы ў дзіцячым цэнтры, вырашыла паспрабаваць выцінанку пад кіраўніцтвам іншага майстра.
Захапленне паступова перарасло ў прафесійны занятак: пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску яна пачала сама весці студыю і працягнула ўдасканальваць майстэрства. За гэты час удзельнічала ў творчых выставах і конкурсах, у тым ліку ў Мінску і на «Славянскім базары ў Віцебску».





















