Святлана Цмугунова – пісьменніца, паэтка, член Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны эканаміст сялянска-фермерскай гаспадаркі «Прагрэс» Уладзіміра Пятровіча Цмугунова, шматдзетная маці, жыве ў Дрыбіне.
Творчасць з дзяцінства
Святлана Алегаўна нарадзілася ў вёсцы Верамееўка Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці, вырасла ў настаўніцкай сям’і, у якой усе чыталі.
– У нас была ўласная бібліятэка, матуля прыносіла кнігі. Ёсць дзённікі, якія захоўваюць мае першыя творы, вершы і кароткія апавяданні. Мне тады было 12–13 гадоў. І першымі слухачамі былі мае бацькі і сябры. У школе я таксама чытала перад класам свае сачыненні. Пісала вершы і апавяданні пра матулю, сяброўства, прыгодніцкія вандроўкі, запісвала філасафічныя думкі, разважанні. Вось гэта ўсё ў сшытках захавалася. І цікава перачытваць іх час ад часу, – распавяла наша гераіня.
Пяць
У Святланы Цмугуновай пяць уласных зборнікаў – тры зборнікі паэзіі: «Жыві, Радзімы родны кут», «Я краінай сваёй ганаруся», «Вершаваныя апавяданні», і дзве дзіцячыя кнігі: «Прывітанне, дзетачкі» і «Сябровачка, альбо Волеччыны прыгоды». Гэта дзіцячая паэзія, дзіцячая проза, а таксама ёсць некалькі калектыўных зборнікаў. У мінулым годзе выйшаў міжнародны зборнік «Нацыянальныя стравы народаў Беларусі і Расіі».
– Ёсць зборнік «Пасхальная радасць», які быў выпушчаны сумесна з магілёўскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. І ёсць самы першы зборнік, які выпусціла Касцюковіцкая бібліятэка, і прэзентавалі яго на фестывалі «Пісьмянкоў луг» у 2014 годзе, якраз туды ўвайшлі мае першыя рускамоўныя вершы, – адзначыла паэтка.
Прырода, вёска, жанчына
Асноўная тэматыка творчасці Святланы – гэта апісанне беларускай прыроды, яе прыгажосці, краявідаў, патрыятычная тэматыка, дзіцячая тэма.
– Зараз я таксама працую над стварэннем дзіцячых твораў, апавяданняў, вершаў. Захоўваецца тэматыка апісання побыту і жыцця ў вёсцы, жанчына, яе лёс, выхаванне дзяцей, – удакладніла Святлана Цмугунова.
Што чытаць у першую чаргу?
Святлана Цмугунова лічыць, што, калі ёсць такое жаданне пазнаёміцца з аўтарам, трэба чытаць па чарзе, як кнігі выпускаліся, з года ў год, і рэкамендуе першы зборнік «Жыві, Радзімы родны кут».
– Гэта цікава прасачыць, як развіваўся аўтар, як мянялася яго светаўспрыманне, светапогляд, тэматыка твораў, што было яму спачатку цікава, што потым, – падкрэсліла паэтка.
Натхненне
Прыгажосць беларускай прыроды, непаўторныя краявіды, сустрэчы, якія ладзяцца з чытачамі, слухачамі, цікавыя творчыя людзі, цікавыя творы, беларуская класіка – усё гэта натхняе пісьменніцу.
– Мне падабаецца вяртацца ў родныя мясціны. Я люблю ездзіць да матулі на Віцебшчыну, і, канешне, вяртанне ў гэтую краіну маленства – гэта натхняе: нараджаюцца нейкія новыя творы і вершы. Мне заўсёды падабалася творчасць, падабалася пісаць, ствараць, сачыняць. Помню, як у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі мы пісалі вершы, каб не здаваць, напрыклад, прадмет. Маглі напісаць вершаванае апавяданне на гэты прадмет, і нам рабілі залікі. У 2014 годзе я вырашыла, калі існуюць станоўчыя водгукі на творы і высокія адзнакі, не пакладаць справу пісьменства ў стол, а ўсё-такі спрабаваць сябе рэалізаваць ужо як прафесійны творца, больш надзяляць гэтай прафесіі, гэтай частцы майго жыцця ўвагі і больш дакладна займацца гэтай дзейнасцю, – распавяла Святлана.
Сям’я
Блізкія станоўча адносяцца да творчасці Святланы. Яны падтрымліваюць яе, стараюцца, калі ёсць такая магчымасць, удзельнічаць у мерапрыемствах.
– Калі я хаджу на сустрэчы ў сад, у школу, я заўжды стараюся, каб нехта з дзетак прысутнічаў, каб яны таксама далучаліся, слухалі, бачылі маю працу. Муж Уладзімір як можа падтрымлівае мяне, дзеці – Дар’я, Іван і Варвара, якія і самі маюць пэўную цікавасць да творчасці і займаюцца ў школе мастацтваў, – ганарацца, што мама ў іх творчая, – распавяла Святлана. – А літаратурная дзейнасць ці нават проста чытанне кніг дазваляюць на некаторы час абстрагавацца ад прафесійных клопатаў, адпачыць ад лічбаў, сабрацца з думкамі.
Я намагаюся ўсё ж такі знайсці нейкі баланс, гармонію паміж гэтымі відамі дзейнасці, паміж часткамі майго жыцця, паміж творчасцю, працай і сям’ёй, каб яны ўзаемадапаўнялі адна адну. І я не выбіраю нешта большае з іх. Я штодзённа надаю ўвагу і родным, і працы, і прафесійным абавязкам, і творчасці. З нараджэннем дзетак, я аб гэтым кажу часта на сустрэчах, ты нібыта зноў вяртаешся ў гэту краіну дзяцінства, краіну маленства, праходзіш яе сцяжынкамі і глядзіш на мір іх вачыма.
Рытуал
Пісьменніцы падабаецца рабіць рукапісныя замалёўкі, загатоўкі сваіх першых твораў. Яна не адразу набірае тэкст на камп’ютары. Спачатку бярэ аркуш, ручку і піша твор. Паэтка аддае перавагу беларускай мове, бо ўпэўнена, што беларускі пісьменнік павінен валодаць роднай мовай, шанаваць яе і папулярызаваць у сваіх творах, выхоўваць любоў і павагу да мілагучнага роднага слова.
Погляд у будучыню
– Хочацца, канешне, каб былі рэалізаваны тыя праекты, якія запланаваныя, каб выйшлі новыя кнігі, выйшлі ўжо ў дзяржаўным выдавецтве, каб большая колькасць людзей змагла з табой пазнаёміцца і прыхадзіць на сустрэчы ўжо не з аркушамі, лісточкамі, паперкамі, а з жывымі кнігамі. Таму што кніга – гэта вынік нашай працы, – заключыла Святлана Цмугунова.
Яе творчасць сагравае, дорыць апору і нагадвае пра галоўнае: прыгажосць жыве побач, трэба толькі ўмець яе ўбачыць і пачуць.
Святлана Цмугунова – гэта прыклад таго, што сучасная жанчына можа быць мудрай захавальніцай слова, энергічным генератарам ідэй і крыніцай душэўнага святла.
Валянціна Тарасенка.
Фота Анастасіі Крыванос.



