Прайшоў чатыры вайны і стаў класікам: сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Прайшоў чатыры вайны і стаў класікам: сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Кандрат Кандратавіч Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Пра жыццёвы і творчы шлях, асабліва пра пачатак літаратурнай дзейнасці, Крапіва падрабязна расказаў у аўтабіяграфіі «Ад маленства да сталасці». Чатырнаццацігадовым хлапчуком пайшоў за плугам і з касою, рабіў усё, што патрэбна было ў гаспадарцы. У адзінаццаць гадоў ён закончыў царкоўнапрыходскую школу.

Праз год паступіў у народнае вучылішча ў мястэчку Узда. Правучыўшыся год, перавёўся ў гарадское вучылішча ў Стоўбцах, а заканчваў навучанне ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск), дзе было болей кніг для чытання. Першыя літаратурныя спробы адносяцца да часу вучобы ў Койданаве. Але вершы, напісаныя на рускай мове пад уплывам лірыкі Лермантава, поспеху не мелі, і хлопец надоўга закінуў гэты занятак.

У 1915 г. яго мабілізавалі ў царскую армію. Ваяваў на Румынскім фронце. Пасля звяржэння ўлады самадзяржаўя вярнуўся ў родны Нізок.

У час нямецкай акупацыі Беларусі Кандрат Крапіва працаваў ў сельскай гаспадарцы, а ў 1918 г. зноў вярнуўся да школьных заняткаў з дзецьмі. Працаваў настаўнікам і пры белапаляках, а пасля іх выгнання быў мабілізаваны ў армію, на гэты раз у Чырвоную. Службу праходзіў у Мінску, і тут праз восем гадоў пасля першых койданаўскіх спроб звярнуўся да літаратурнага занятку. Спачатку пісаў на рускай мове газетныя карэспандэнцыі, фельетоны на побытавыя і палітычныя тэмы. Некаторыя з іх былі на­друкаваны. Затым прыступіў да вершаў сатырычнага плана, але ўжо па-беларуску. Гэтыя творы карысталіся папулярнасцю, і газета «Савецкая Беларусь» часта іх змяшчала на сваіх старонках.

У 1923 г. Кандрат Крапіва закончыў службу ў арміі. Спа­дзявацца на вельмі сціплы літаратурны заробак не выпадала, і ён з жонкай і сынам зноў вярнуўся ў Нізок, да бацькі, каб працаваць у сельскай гаспадарцы, як падавалася тады будучаму класіку літаратуры – самым надзейным заняткам для таго, каб забяспечыць сваю сям’ю. 

У 1924 г. ён пераехаў у іншую вёску працаваць настаўнікам, а ў наступным, 1925, годзе пасля доўгага роздуму усё ж вярнуўся ў Мінск, на гэты раз на пастаяннае жыхарства. Тут ён уладкаваўся інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Па службе часта даводзілася выязджаць у камандзіроўкі, што істотна пашырала яго кругагляд, спрыяла больш глыбокаму знаёмству з жыццём і побытам насельніцтва розных мясцовасцей Беларусі. У 1926 г. у свае трыццаць гадоў Кандрат Крапіва паступіў на літаратурнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1930 г. атрымаў вышэйшую адукацыю.

Пераехаўшы ў Мінск, Кандрат Крапіва пачаў стала займацца літаратурнай творчасцю, часта выступаў у друку. Пісаў пераважна сатырычныя вершы, паэмы, байкі. Ужо ў дваццатыя гады набыў шырокую вядомасць і вялікую папулярнасць у чытачоў. Актыўна ўдзельнічаў у працы літаратурных аб’яднанняў – спачатку «Маладняка», а потым «Узвышша». Пісаў і ў галіне прозы. Пачынаў з невялікіх па памеры апавяданняў, пераважна гумарыстычна-сатырычнага кірунку. У 1932 г. ён выступіў з буйнамаштабным раманам «Мядзведзічы», у якім адлюстравана насычанае драматызмам вясковае жыццё напярэдадні калектывізацыі, з глыбокім псіхалагізмам раскрыты чалавечыя характары.

Паралельна з напісаннем уласных твораў Кандрат Крапіва займаўся перакладамі на беларускую мову вершаў, як правіла, гумарыстычна-сатырычных, баек, п’ес. А ў 1933 г. ён прыйшоў у драматургію. Першая п’еса «Канец дружбы» мела тэатральны поспех, і з гэтага часу драматургія стала для пісьменніка асноўнай галіной творчасці. У даваенны перыяд напісаў яшчэ дзве п’есы – драму «Партызаны» і камедыю «Хто смяецца апошнім». У 1939 г. Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў прызвалі ў армію, і ён у якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а затым у вайне з Фінляндыяй, якая вялася ў асабліва цяжкіх, суровых умовах.

Вялікая Айчынная вайна сталася для Кандрата Крапівы фактычна пятай па ліку. Але на гэты раз ён ужо ваяваў пісьменніцкай зброяй. Быў супрацоўнікам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», якая самалётамі дастаўлялася на тэрыторыю акупіраванай рэспублікі, а са стварэннем у 1943 г. газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» да канца вайны рэдагаваў гэта выданне. Зноў актыўна выступаў у жанрах сатырычнага верша, байкі, фельетона. Напісаў таксама дзве п’есы – драму «Проба агнём» і аднаактоўку «Валодзеў гальштук». У пасляваенны час Кандрат Крапіва працягваў журналісцкую працу.

З заснаваннем у 1945 г. сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Вожык» быў да 1947 г. яго галоўным рэдактарам. Па-ранейшаму найбольш актыўна працаваў у галіне драматургіі. У пасляваенны час напісаў вострую сатырычную камедыю «Мілы чалавек» і драму «З народам», у пяцідзесятыя гады – лірычную камедыю «Пяюць жаваранкі», якая ў той перыяд мела вялікі літаратурны і тэатральны поспех і была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР, п’есу на вытворчую тэматыку «Зацікаўленая асоба» і драму аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны «Людзі і д’яблы».

З 1947 г. і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Яшчэ ў 1940 г. яго абралі членам-карэспандэнтам, а ў 1950 г. – акадэмікам. Спачатку загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы і літаратуры, а са стварэннем у 1952 г. асобнага Інстытута мовазнаўства і да 1956 г. быў яго дырэктарам. А калі не стала Якуба Коласа, Кандрат Крапіва замяніў яго на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі, на якой працаваў да 1982 г.

Не пакідаў Крапіва пісаць і сатырычныя вершы, байкі. Шматгранная творчасць, нястомная дзейнасць Кандрата Крапівы была высока ацэнена. У 1956 г. яму нададзена званне народнага пісьменніка БССР, у 1978 г. – заслужанага дзеяча навукі. Кандрат Крапіва – Герой Сацыялістычнай Працы (1975), узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

Памёр Кандрат Кандратавіч 7 студзеня 1991 г., крыху не дажыўшы да свайго дзевяностапяцігоддзя. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

Алесь МІКУЛІЧ.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура