«Вітаю цябе, шаноўны Чытач!»: як магіляўчане ўшанавалі памяць Алеся Казекі

«Вітаю цябе, шаноўны Чытач!»: як магіляўчане ўшанавалі памяць Алеся Казекі

Музей Славы Магілёўшчыны сабраў тых, для каго літаратура не прафесія, а жыццё. Выстава і літаратурная гасцёўня «Вітаю цябе, шаноўны Чытач!» сталі ціхім і шчырым спатканнем з чалавекам, якога ўжо няма побач, але які застаўся ў радках сваіх вершаў, — Алесем Казекам.

У зале — сваякі, калегі, прадстаўнікі абласной улады, пісьменніцкіх і грамадскіх аб’яднанняў, бібліятэк. Але галоўнае — гэта шчырая неабыякавасць да асобы Алеся Мікалаевіча Казекі. Чалавека, які нёс у сабе святло, ціхату і глыбокі розум.

Невыпадкова яго імя ўнесена ў Кнігу Славы Магілёўшчыны, а ў 2022 годзе ён быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны».

Праз вершы, якія гучалі ў выкананні блізкіх, праз успаміны калег і сяброў праступаў яго партрэт. Ён вучыў літаратуры і рабіў гэта так, што тыя, хто слухаў, запомнілі не правілы, а якасці душы. Выхоўваў творчую моладзь, і для яго гэта было не абавязкам, а прызваннем.

Яго творчасць атрымала прызнанне на розных узроўнях — і ў Беларусі, і за яе межамі. За высокія дасягненні ў літаратурнай дзейнасці, вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай літаратуры Алесь Мікалаевіч Казека ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», медалём Саюза пісьменнікаў Расіі імя Васіля Шукшына, знакам «Ганаровы настаўнік творчай моладзі», ганаровымі граматамі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

Але, як часта бывае, галоўнае прызнанне не ў узнагародах. Яно ў тым, як пра яго гавораць тыя, хто ведаў блізка.

Анатоль Матвіенка, вядомы беларускі пісьменнік, кінадраматург, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, адзначыў:

— Гэта сапраўды незаменная страта, таму што Алесь быў унікальны. Ён заўсёды знаходзіў падыход да кожнага з пісьменнікаў, паспяваў трымаць працу ў парадку і цешыць чытачоў сваімі творамі. Для мяне, як і для многіх, ён быў спачатку сябрам, аднадумцам і толькі потым — калегам. Яго страта стала для ўсіх вялікай нечаканасцю.

Тут не казалі пра дасягненні ў лічбах. Гаварылі пра сэнсы. І галоўны з іх, напэўна, гэты: чалавек жыве, пакуль жыве яго слова. А слова Алеся Казекі жыве і будзе жыць, пакуль яго чытаюць, аб ім памятаюць, яго вершы знаходзяць дарогу да сэрцаў.

Фото аўтара

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура