Галіна Пярун – празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзілася ў Заслаўі Мінскай вобласці. Дзіцячыя гады прайшлі ў Бярэзінскім раёне.
– Заслаўе ў маім сэрцы. Заўсёды, калі мы ехалі туды, я ноччу перад паездкай не спала, хвалявалася, у мяне там ўся радня. І так склаліся абставіны, што мая маці, калі памёр бацька, пераехала да родных у Бярэзінскі раён Мінскай вобласці. Раней былі хутары, так і наша хата стаяла на беразе возера. Якая там была прыгажосць: з аднаго боку лес, з двух – возера, дарожка, якая ідзе да вёскі. Прачынаешся раніцай, а там хвалі на возеры, туман сцелецца, сонца ўзыходзіць. Калі я была маленькая, то, вядома, мы гулялі цэлы дзень з маімі сябрамі ў гэтых месцах. І, думаю, усё гэта і натхніла мяне на творчасць, – расказала наша гераіня.
Першыя творы
Як толькі пайшла ў школу, навучылася чытаць і пісаць, адразу пачала складаць вершы. І першы – пра мядзведзя.
– Я прынесла яго настаўніцы, яна сказала, што выйшла добра, паказвала іншым настаўнікам, мне было вельмі прыемна. У нас у класе, ды і ў школе, было шмат паэтаў. Толькі я была яшчэ і празаікам, таксама складала казкі, аповесці. Ужо ў пятым класе напісала фантастычную аповесць пра марсіяніна, які прыляцеў на Зямлю і жыў у прафесара на лецішчы. Мяне вабіла неба, космас, прырода. І таму я прыходзіла ў бібліятэку, чытала, мяне цікавіла, колькі патрабуецца светлавых адзінак, каб даляцець у далёкія галактыкі. Першы твор і наступныя былі напісаны на беларускай мове, – падзялілася ўспамінамі Галіна Пярун.
Пасля заканчэння школы і Бярэзінскай гімназіі паступіла ў Барысаўскае медыцынскае вучылішча, зараз працуе медыцынскай сястрой у адной з паліклінік горада Магілёва. Часта бывае, што да яе прыходзяць творчыя пацыенты.
– І часам дзеляцца напісанымі вершамі, або могуць песню прынесці паслухаць, і гэта цэнна, – прызналася Галіна Сяргееўна. – Працы шмат, але заўсёды знойдзецца хвіліна, каб надаць ім увагу.
Будучы медыкам па адукацыі, Галіна Пярун вырашыла набыць яшчэ адну прафесію і паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова на дашкольны факультэт, абараніла дыплом на выдатна і з тых часоў захапілася дзіцячай літаратурай.
Сям’я
Галіна Пярун – маці траіх дзяцей і бабуля траіх унукаў. Муж падтрымлівае ва ўсім. Шаснаццацігадовая дачка ездзіць з творчай мамай на прэзентацыі кніг, сустрэчы ў бібліятэкі і заўсёды ўважліва слухае.
– Аднойчы я крыху па-іншаму распавяла казку. І дачка мне сказала, што я прапусціла ваўка. Я кажу: «А ты мяне слухала?» Дачка адказала, што кожны раз слухае. Мне было так прыемна. Сыну 25 гадоў. Ён ужо ў дзіцячым садку складаў казкі. Лічу ў цэлым, што дзеці, калі маленькія, яны творчыя, – расказала Галіна Сяргееўна.
Гэта жыццё
Раман «Прабач…», які выйшаў у 2013 годзе, вельмі дарагі пісьменніцы. Ён стаў фіналістам Германскага Міжнароднага літаратурнага конкурсу рускамоўных аўтараў «Лепшая кніга года».
– Хачу сказаць, што матэрыялаў было шмат. Мяне цікавілі жанчыны, якія кідаюць сваё дзіця. І я ўвесь час думала, як яны спяць. Як жыць дзецям, калі праходзіць шмат гадоў і яны жадаюць сустрэцца з гэтай маці, жадаюць, каб не былі адны. І я шукала нейкае апраўданне для гэтых жанчын. Думаю, можа, у іх так склалася жыццё, не пашанцавала. І ў мяне была гатовая гісторыя, насамрэч гэта праўда жанчыны, якая нарадзіла дваіх дзяўчынак і адну проста пакінула ў радзільным доме. І вакол гэтага закруцілася гісторыя.
Калі мне было 16 гадоў, пазнаёмілася з адной дзяўчынкай са школы-інтэрната, і мы пасябравалі. Яна не ведала, што значыць любоў маці, як можна з ёй пагаварыць, даверыцца. Яна прыязджала да мяне пазней, калі я ўжо працавала, – да маіх бацькоў, і маю маму стала называць мамай. І зараз прыязджае, ужо сама шматдзетная маці, у яе таксама трое дзяцей. Яе сяброўкі з дому-інтэрната далі мне шмат матэрыялу, што і было ўключана ў кнігу. У ёй я расказала пра жанчыну, якая мучылася мінулым: як яна жыла ўсе гэтыя 20 гадоў, калі пакінула маленькае дзіця. Пра дзяўчынку, якая вырасла ў каханні ў сям’і, і пра другую, якая сталела ў дзіцячым доме. Насамрэч ў рэальным жыцці скончылася ўсё не так добра, як у кнізе, я дала надзею чытачу, – падзялілася ўспамінамі аўтар. – Кніга жыве і зараз. Людзі яе чытаюць, шукаюць у сацыяльных сетках, тэлефануюць мне, прыходзяць на працу.
– Гэтая кніга дарагая мне, таму што, калі яе пісала, настолькі прапускала гісторыю праз сябе, што проста плакала, мой рукапіс быў мокры. Чытачы расказвалі, што таксама не маглі стрымліваць слёзы. Я люблю ўздымаць такія сацыяльныя тэмы, дзе часам трэба разабрацца. Адна жанчына падзялілася, што дзякуючы маёй кнізе дзеці, якія збіраліся разводзіцца, памірыліся, – распавяла Галіна Пярун.
З легендаў i казак былых пакаленняў…
Галіне Пярун заўсёды хацелася пісаць свае творы на беларускай мове. Нават у прыёмнай камісіі медвучылішча, калі яе выклікалі адказваць, яна гэта зрабіла на беларускай мове. Усе здзівіліся, але слухалі ўважліва і не задалі ніводнага пытання.
Казкі для дзяцей з’явіліся ў момант вучобы ва ўніверсітэце.
– Я пачала думаць, як мне зрабіць так, каб дзеці пачалі любіць родную мову. Напісала сваю першую казку, потым драматызацыю паставіла на гэтую казку, зрабіла лялькі і вельмі сур’ёзна падышла да гэтай тэмы. Я вельмі ўдзячная свайму педагогу Ірыне Анатольеўне, таму што менавіта яна мяне накіравала да гэтай тэмы, – падкрэсліла пісьменніца. – Я адна выбрала беларускую мову пры напісанні дыпломнай працы. І гэтак жа працягвала гэтую тэму любові да роднай мовы. Але як маленькім дзецям данесці беларускае слова, каб яны запомнілі, каб ім было цікава? І я прыдумала лялек.
Лялькі Бі-БА-БО
Галіна Сяргееўна расказала, што лялькі звычайна надзяваюцца на руку. Але героі расказваюць яшчэ і пра незнаёмыя словы. Такім чынам дзеці папаўняюць свой слоўнікавы запас. Таксама жадаюць уключыцца ў размову, размаўляць па-беларуску. І калі ўжо сустрэча заканчваецца, яны падыходзяць, любяць абняцца. Вось як пачалося з дыпломнай працы, так і ўвайшло ў жыццё.

– У мяне быў такі выпадак. Калі я ездзіла ў Смаленск, то свае казкі перакладала на рускую мову. Прыехала з лялькамі, і была зборная аўдыторыя, сядзелі дзеці, бацькі. Я хацела расказаць казку на рускай мове, але ўсе папрасілі: «Да вы што? Расказвайце нам беларускую казку». І з такім задавальненнем слухалі. Я кажу: «Дык вы ж не разумееце». А яны адказваюць: «Не, усё разумеем». І мне было так прыемна, што наша мова міла гучыць і да яе праяўляюць цікаўнасць, – распавяла Галіна Сяргееўна.
Савет пачынаючым пісьменнікам і паэтам
– Я б параіла маладым аўтарам, каб яны заўсёды прыслухоўваліся да рэдактараў. Калі рукапіс не прымаюць, а вяртаюць назад, трэба не хвалявацца, а спрабаваць далей працаваць над тэкстам. І, канешне, я б пажадала маладым аўтарам ўдзельнічаць ў конкурсах. У нас у Беларусі іх шмат, можна заняць якое месца, і тваё імя потым прагучыць. Ну і, вядома, быць патрабавальным да сябе, – удакладніла Галіна Пярун.
Валянціна ТАРАСЕНКА. Фота Анастасіі Клiмовiч.

