Алёна Беланожка: «Неба Беларусі, раніца, заход сонца – яны асаблівыя»

Алёна Беланожка: «Неба Беларусі, раніца, заход сонца – яны асаблівыя»

Магілёўшчына – радзіма многіх выдатных беларускіх літаратараў – класікаў і сучасных аўтараў. Усё, што вы хацелі б ведаць пра пісьменнікаў і паэтаў рэгіёну, іх творы, жыццё і дзейнасць, – у нашым новым праекце «З табой маё слова, Радзіма».

Алёна Беланожка – чытальнік-майстар мастацкага слова Магілёўскай абласной філармоніі, паэт, пісьменнік, драматург, сцэнарыст, рэжысёр, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне» ў 2016 годзе, спецыяльнай прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы (2019), аўтар тэкстаў песень.

Скончыла аддзяленне рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Першая кніга

Прыгодніцкая аповесць «Чамадан з кракадзілавай скуры» была першай кнігай, напісанай нашай гераіняй. Яна выйшла ў выдавецтве «Звязда». Потым працяг – «Зорка Ракхігархі». І ў 2023 годзе – зборнік фантастычных апавяданняў «Дзіця Зямлі». Кніга была намінаваная на Нацыянальную літаратурную прэмію ў 2024 годзе.

– Думаю, знаёмства з маёй творчасцю лепш пачаць з апошняй кнігі, таму што я сябе больш пазіцыяную як празаік і пісьменнік-фантаст. Хаця і ў жанры рэалізму таксама працую нядрэнна, і як паэт. Паэтычнага зборніка на беларускай мове ў мяне яшчэ няма. Але спадзяюся, што ён хутка з’явіцца, – распавяла Алёна Міхайлаўна.

Натхненне

Алёна Беланожка лічыць, што аўтары думаюць катэгорыямі азарэння:

– Той, хто гэтага не адчуваў, мусіць, не зразумее, што гэта такое, калі раптам сярод ночы прачынаешся і жадаеш запісаць свае думкі. Ці раптам едзеш у аўтобусе і разумееш, што вось нешта зараз такое адбылося, аб чым напісаць хочаш. Ці прачытаў нешта ў кнізе, аб традыцыі народнай даведаўся – табе хочацца ператварыць гэта ў паэтычны ці празаічны твор, ці сюжэт нейкі нарадзіўся ў галаве. Гэта немагчыма растлумачыць.

Магія раніцы

Алёна Беланожка аддае перавагу працы над творамі ў ранішні час.

– Скажу шчыра, складаней за ўсё мне заўсёды даваліся вершы і творы аб каханні, бо тэма настолькі інтымная, што часам не ведаеш, як да яе падступіцца. Я вельмі люблю фантастыку і міфалагічны сюжэт, працаваць з беларускай міфалогіяй. Культура і традыцыі беларусаў, славян вельмі ўражваюць. Яшчэ люблю пісаць сацыяльную фантастыку, разважаць на тэмы, як можа развівацца наша грамадства, якім шляхам пайсці, якія працэсы могуць там адбывацца, і паказваць гэта праз лёсы канкрэтных людзей. Заўсёды вельмі цікава быць крышку футурыстам, прадказальнікам і думаць пра тое, што вось ты зараз пішаш, а ці спраўдзіцца твой прагноз… – распавяла Алёна Беланожка.

Гарбата з цукрам і кнігі

У вядомай паэткі заўсёды, калі яна творыць, стаіць на стале кубак з гарачай гарбатай. Гэта абавязковая ўмова. Каву Алёна Міхайлаўна п’е вельмі рэдка, але чорная гарбата без дабавак, лыжка цукру ў ёй – гэта павінна быць, так павялося. І пісаць творы яна пачынае не на камп’ютары, а з чыстага ліста паперы, і абавязковая ўмова – востра заменчаны аловак. Яна дзеліцца:

– Вось як гэта ні дзіўна, але ўсе сюжэты, усе вершы нараджаюцца на кончыку алоўка. Нават калі я пішу апавяданне, мне спачатку трэба выбудаваць сюжэтную лінію, гэта ўсё роўна робіцца на паперы. Прыемна разумець, што кожнае слова, якое вы чытаеце, яно прапушчана ад сэрца праз цела на кончык алоўка.

Ружы, заход сонца і рыбалка

Алёна Беланожка любіць ездзіць на дачу і гадаваць там свае ружы, іх у яе 17 кустоў, а таксама ёсць вяргіні і гладыёлусы. І яшчэ захапленне – рыбалка.

– Наогул гэта добры занятак, вельмі медытатыўны. Я сузіральны чалавек, перазагружаюся, проста седзячы на прыродзе. Мой любімы час – гэта заход. І вось пакуль сонечны дыск хаваецца, я заўсёды з кружкай гарбаты гляджу на неба. Слухаю, як дзень згасае, як птушкі паціху змаўкаюць. І зусім па-іншаму сябе адчуваю. Прачынаюся летам на досвітку, калі толькі ўзышло сонца. Зноў кубак гарбаты, выходжу і гляджу, як прырода прачынаецца. І гэта зусім асаблівае адчуванне, у горадзе такога няма. Неба Беларусі, раніца, заход сонца – яны асаблівыя, – распавяла Алёна Міхайлаўна.

Савет пачынаючым пісьменнікам і паэтам

– Трэба быць сумленнымі з самімі сабой і дакладна разумець, навошта вы ідзяце ў гэтую прафесію, як і ў любую іншую, разумець, якія мэты вы ставіце сабе, таму што яны могуць быць розныя. Калі прыносіце свае творы ў дзяржаўныя выдавецтвы, давяраеце рэдактарам сваім. Важна працаваць увесь час, імкнуцца расці над сабой. Не заставацца на адным узроўні, заўжды шукаць нешта новае. Параўноўваць сябе не з іншымі, а з сабой учорашнім, і не здавацца. Калі раптам нешта не атрымоўваецца, а вельмі хочацца, то ўсё роўна трэба працаваць. На ўсё патрэбен час. Трэба навучыцца чакаць. Не бывае хуткага поспеху, асабліва калі мы гаворым пра кнігу. Важна працаваць, старацца ўдасканальваць стыль і слова, – падкрэсліла наша гераіня.

Пра што спявае душа…

Алёна Беланожка напісала тэксты больш за 200 песень.

– Душа паэта спявае пра самыя розныя рэчы. У мяне шмат патрыятычных песень аб Радзіме, Магілёве, Беларусі. На беларускай мове песні, якія спяваюць і народныя аматарскія калектывы, і прафесійныя артысты. Душа час ад часу спявае пра каханне. Жанчына часам трывожыцца за лёсы свету і спявае песні аб міры на ўсёй зямлі. Гэткіх песень ніколі не бывае зашмат, яны заўсёды актуальныя. Душа спявае, часам нараджаюцца вельмі захапляльныя праекты. У мяне многа знаёмых кампазітараў, з якімі пашчасціла працаваць, – два дзясяткі. Усіх вельмі люблю. І ў кожнага свой стыль, свой падыход да творчага працэсу. Але ў гэтым, мусіць, і ёсць радасць творчасці: кожны раз паглыбленне ў новы матэрыял, зусім іншы досвед працы, – удакладніла Алёна Міхайлаўна.

Тое, што зараз важна

Алёна Беланожка працуе над творчай заяўкай для адной з кінастудый. Хоча стаць кінасцэнарыстам, паспрабаваць сябе яшчэ і ў кіно. Ёсць у яе вопыт супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам»: летась выйшаў мультфільм «Пра што маўчаць гэтыя балоты», у які ўвайшоў верш нашай гераіні. Пісьменніца прызнаецца, што вельмі хацела б, каб па яе сцэнарыі знялі поўнаметражны мультфільм і, вядома, каб гэта было адзначана кінематаграфічнай прэміяй.

«Праз пяць гадоў я…»

– Бачу сябе паспяховым кінасцэнарыстам. Давайце памарым, гэта так выдатна! Мне падаецца, што мара, калі яе агучваеш, мае ўласцівасць выконвацца. Таму, калі мы прамаўляем уголас свае жаданні, мусіць, Сусвет нас чуе лепш, чым калі мы проста думаем аб гэтым. А яшчэ, бывае, дапамагае запісаць жаданне на паперцы і захоўваць гэты чароўны нататнік, перачытваць час ад часу ўслых. Яшчэ я сябе бачу, як гэта ні дзіўна, прадзюсарам. Мне падабаецца пісаць тэксты песень і ўдзельнічаць у працэсе як тое звяно, якое аб’ядноўвае творчых людзей. Мне б хацелася яшчэ паспрабаваць вось гэтую сферу. Гэта так цікава, калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля таго, каб рабіць агульны творчы праект. Хочацца напісаць некалькі кніжных бестселераў. Я вельмі люблю кнігу як прадукт. І для мяне вельмі важна ўсё: вокладка, папера, вёрстка, пах, у якой друкарні яна выйшла… Мне здаецца, што кніга, калі мы гаворым пра кнігу як пра з’яву, гэта таксама прадукт працы вельмі многіх людзей. І яшчэ для мяне важна заставацца часткай бліскучых праектаў, якія робіць філармонія. Гэткія ў мяне мары, – падзялілася Алёна Беланожка.

Каб усе казалі: «Гэты аўтар – з Беларусі»

Наша гераіня ганарыцца, калі кнігі беларускіх аўтараў заўважаюць за межамі краіны.
– Нават калі спрабуем выходзіць на міжнародны рынак, мы з гонарам нясем валоданне нашай роднай мовай. Прыемна чуць: «А вось гэты аўтар – з Беларусі». І прыемна ўдвая, калі ставяцца добра і з павагай і да аўтара, і да краіны. І мы стараемся рабіць усё для таго, каб нас паважалі, – падзялілася думкамі Алёна Беланожка.

Алёна Міхайлаўна пераканана, што пісьменнікі – летапісцы эпохі. І журналісты, якія робяць вялікую, важную працу, таксама.

– Мы ніколі пра гэта не задумваемся, проста пішам, працуем над праектамі і кнігамі, а насамрэч мы самі ствараем і напаўняем культурнае поле краіны. А заўтра гэта стане гісторыяй, – заключыла наша гераіня.

Валянціна Тарасенка. Фота Анастасіі КЛІМОВІЧ.

Напишите в наш чат-бот в Telegram, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Все новости

Теги З табой маё слова Радзiма