Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі ў гэтым годзе адзначыла сваё 20-годдзе.
Працягваем расказваць пра пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны, чые імёны і творы ведаюць далёка за межамі рэгіёна і нават краіны.
Уладзімір Ясеў – паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат палітычных навук, прарэктар па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Дзяцінства
Нарадзіўся Уладзімір Віктаравіч у 1961 годзе ў горадзе Быхаве.
– Гэты край звязаны з нашай гісторыяй і старабытнай культурай. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на радзіме, дзе вялікая ўвага надавалася гэтым гістарычным аспектам. Мне пашанцавала ў жыцці, бо ў мяне былі добрыя настаўнікі. Я да гэтага часу не магу забыць, як дзесьці ў чацвёртым класе (у той час гэта была сярэдняя школа) настаўніца на класнай гадзіне чытала нам услых. І мы з нецярпеннем чакалі гэтага. Чацвёртакласнікі, граматныя, ужо даўно чыталі самі, але яна так зацікаўлівала і прывівала нам любоў да чытання.
Не магу забыць і дырэктара сярэдняй школы №1 г. Быхава і настаўніка рускай мовы і літаратуры Дыляру Батрову. У нашым класе яна вяла гэтыя прадметы. І дзякуючы ёй шмат у чым прывівалася любоў да слова, любоў да літаратуры. Яна вучыла звяртаць увагу на змест твора, на тое, якія ў ім словы, як яны выбудаваны, якая сувязь паміж імі. І прачытаць, не проста пратараторыўшы, а праставіць акцэнт, каб адчувалася мастацкае слова. Памятаю, як чытаў байку Крылова, і клас ляжаў ад смеху. Я разгубіўся і замоўк. А настаўніца сказала працягваць, бо вельмі добра, калі ўсе смяюцца – значыць, ты правільна яе чытаеш, – падзяліўся ўспамінамі Уладзімір Віктаравіч.
Менавіта таму герой нашай публікацыі ўпэўнены, што Быхаўская зямля – гэта перш за ўсё людзі. Яны ствараюць пэўную атмасферу.
Творчасць
Бацькі Уладзіміра Ясева з дзяцінства прывівалі яму любоў да літаратуры і чытання.
– Тады наогул было папулярна гэта. Маці і тата хацелі, каб мы не проста ўмелі чытаць і пісаць, а развіваліся як асобы. Таму кніга ў нашым доме заўсёды была на ганаровым месцы. І пры найменшай магчымасці набывалася нейкая цікавая навінка з беларускай, рускай ці замежнай класікі, – успамінае паэт. – Бацькі ніколі не праходзілі міма кнігарні, афармлялі падпіску. Тыя кнігі да гэтага часу стаяць на нашых паліцах. Яны перачытваюцца ўвесь час. У нашай сям’і адным з галоўных падарункаў сапраўды была кніга. Цяпер, вядома, таксама людзі чытаюць, але не як мы прывыклі чытаць друкаваныя выданні. Моладзь аддае перавагу электронным.
Творчасць Уладзіміра Віктаравіча шматгранная. У ёй раскрываюцца тэмы духоўных патрэб чалавека: разуменне сябе і свайго жыцця, самавыяўленне, яднанне з іншымі людзьмі і навакольным светам, любоў да сваёй Радзімы, зямлі, роднай прыроды. Пісьменнік таксама паспяхова працуе і ў жанры прозы. Яго расказ «Выкуп ваўкалака» заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе фантастыкі, які праводзіцца Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Уладзімір Віктаравіч – аўтар паэтычных зборнікаў «Времяворот», «Палова дыні». Яго вершы друкуюцца ў рэспубліканскіх і абласных газетах і часопісах «Полымя», «Нёман» і іншых.
Як вопытны літаратар Уладзімір Віктаравіч шмат увагі надае выхаванню і станаўленню маладых аўтараў. Ён рэгулярна ўдзельнічае ў якасці члена журы ў літаратурных конкурсах, праводзіць творчыя сустрэчы ва ўстановах адукацыі горада Магілёва і вобласці. Уладзімір Ясеў паспяхова выступае ў напрамку дзіцячай літаратуры. Яго вершы для дзяцей друкуюцца ў папулярным часопісе «Качели».
– Вось унуку выпісалі гэты часопіс. У ім ёсць паэтычная рубрыка. Ён пачытаў і кажа: «Дзядуля, мама сказала, што ты таксама пішаш і вершы будуць у гэтым часопісе». Прыйшлося сесці, напружыцца і напісаць цэлы цыкл дзіцячых вершаў, якія былі адпраўлены і частка з іх ужо апублікавана, – распавёў герой нашай публікацыі.
Аб пісьменніцтве
Паколькі паэт займаецца навуковай, педагагічнай і літаратурнай дзейнасцю, то і ўсё яго жыццё звязана з кнігай.
– Уменне знайсці нешта цікавае – адна з задач літаратурнай дзейнасці і патрабаванне да пісьменніка, – лічыць Уладзімір Ясеў. – Пісьменнік – па-свойму даследчык у пэўнай ступені, ён жа таксама даследуе адносіны паміж людзьмі, іх характар, незалежна ад таго, што ён піша – верш ці прозу. І сваімі творамі спрабуе яшчэ і ўздзейнічаць на паводзіны людзей, на іх думкі і ўчынкі. Нягледзячы на тое, што, безумоўна, пісьменнік адлюстроўвае не толькі рэаліі, у яго павінны быць ідэі, нейкія якасці, якія дазваляюць яму нешта вынаходзіць і прыдумляць, – разважае Уладзімір Віктаравіч.
Аўтар з цікавасцю чытае мастацкую, гістарычную літаратуру, глядзіць гістарычныя фільмы.
– Аднойчы, вывучаючы міфічных істот, у якіх верылі нашы продкі яшчэ да хрысціянскай эпохі, у мяне неяк зарадзілася такая ідэя, што можна было б паспрабаваць спалучаць рэальныя гістарычныя падзеі з псеўдагістарычнымі істотамі, што паўплывала на мае творы, – падзяліўся ён.
Пажаданні маладым аўтарам
– Пісаць адказна і якасна. Але, безумоўна, мне падаецца, што больш патрабавальныя чытачы – гэта дзеці. Не таму што яны, магчыма, нешта не разумеюць – у іх больш абвостраныя пачуцці справядлівасці, праўдзівасці. І тут трэба быць вельмі асцярожнымі, бо акрамя таго, што мы дзяцей прывучаем да слоў, мы ж даём ім нейкія жыццёвыя ўстаноўкі. Напрыклад, у мяне ёсць верш пра кармушкі, як я зімой дапамагаю птушкам. Гэта ж не проста апісанне таго, што адбываецца зараз, што мы робім. Гэта своеасаблівая ўстаноўка, што трэба дапамагаць жывёлам і асабліва ў зімовы час, – адзначае паэт.
Таксама Уладзімір Віктаравіч пажадаў маладым аўтарам пашыраць кругагляд, гарманізаваць унутраны свет, вучыцца лаканічна выказваць пачуцці і думкі.
Фота Анастасіі Клімовіч.






