У канцэртнай зале Магілёўскай абласной філармоніі сумесны праект філармоніі і Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Натхнёныя любоўю да Радзімы…» у чарговы раз аб’яднаў яркіх артыстаў Магілёўшчыны, пісьменнікаў, творцаў, а таксама аматараў добрай музыкі і літаратуры. У літаратурна-музычным праекце, прасякнутым атмасферай восені, прынялі ўдзел беларускія пісьменнікі Валянціна Габрусева, Віктар Кунцэвіч, Алена Курэк і аўтар праекта Алёна Беланожка. Са сцэны прагучалі і вершы Алеся Казекі ў выкананні дачкі паэта Марыі Самусенка. Марыя падзялілася з гледачамі плёнам сваёй творчасці і прачытала некалькі вершаў уласнага аўтарства.
Гледачы цёпла сустракалі пісьменнікаў і артыстаў. У зале гучала музыка ў выкананні камерна-інструментальнага ансамбля «КамерАнс». На сцэну выйшлі ўладальнік медаля Францыска Скарыны, вядучы майстар сцэны Магілёўскай філармоніі Вольга Гарнічар, саліст філармоніі Паша Любчанка, аўтар-выканаўца Алена Грышчанкова, спявачка Кацярына Костусева. Упершыню да праекта далучылася салістка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова, віртуозная цымбалістка Яна Дзямідчык. Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел юныя выхаванцы ўзорнай студыі вакалу «Крыстал» Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу.
Праект «Натхнёныя любоўю да Радзімы…» працягваецца. Чарговая, на гэты раз зімовая, сустрэча адбудзецца ў снежні.








