У Клічаве з’явіўся этнаграфічны падворак “Сушанская хата”

У Клічаве з’явіўся этнаграфічны падворак “Сушанская хата”

На тэрыторыі Клічаўскага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнага падворка “Сушанская хата”.

— У лістападзе 2019 года нашаму цэнтру была перададзена сялянская хата, якая раней належыла былому старшыні калгаса “Камсамолец” Міхаілу Цмыгу, — кажа намеснік дырэктара ГУДА “Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” Вераніка Коўрык. — Міхаіл Іванавіч — адзіны уратаваны жыхар вёскі Вязень, якая была спалена разам з жыхарамі ў жніўні 1942 года пад час правядзення карнай аперацыі “Хрушч -1”. Родзічы Міхаіла Іванавіча на бязвыплатнай аснове перадалі сядзібу бацькі для стварэння этнаграфічнага падворка “Сушанская хата”.

У кароткі час, з актыўнай дапамогай старшыні Патокскага сельскага Савета Аляксандра Крываноса і начальніка жылкамгаса горада Клічава Андрэя Мацюшонка хата была разабрана і перавезена з вёскі Суша на тэрыторыю цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Усю вясну і лета работнікі гаспадарчай групы аддзела па адукацыі, спорце і турызме і цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працавалі над рэканструкцыяй хаты і сялянскага падворку пачатку XX стагоддзя. Быў поўнасцю сабраны дом, складзена з кірпічу сапраўдная печка з комінам, зроблены драўляны стол і лаўкі. На двары сядзібы пастаўлен макет калодзежа-жураўля. Не абыйшлось і без спонсараў — грашовую дапамогу ў правядзенні рэканструкцыі хаты аказаў Генадзь Сабалеўскі.

Хата паступова напаўнілася старажытнымі прадметамі побыту і прыладамі працы. Вялізныя куфры, гліняныя гладышы, самапрадкі, часалкі для ільну, карамыслы і маслабойкі, чыгуны і патэльні, гліняны посуд і цяжкія чыгунныя прасы і, безумоўна, рушнікі, саматканыя посцілкі, палавікі, абрусы — усё гэта знайшло сваё месца ў хаце.

Спадзяёмся, што наша экспазіцыя будзе і далей актыўна папаўняцца, — выказала сваю думку Вераніка Пятроўна.

Па словах Веранікі Коўрык, у зімовы час падворак ператворыцца ў казачную рэзідэнцыю Дзеда Мароза, дзе можна будзе цікава правесці навагоднія святы, паўдзельнічаць у зімовых абрадах і народных гульнях.

Напишите нам на info@mogilevnews.by, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура

Теги музей, хата