Сярод удзельнiкаў IV Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі — апавядальнік і казачнік з Клімавіцкага раёна

Сярод удзельнiкаў IV Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі — апавядальнік і казачнік з Клімавіцкага раёна

Зноў краязнаўца з в. Судзілы Клімавіцкага раёна Аляксандр Галкоўскі здзіўляў слухачоў з розных краін сваімі легендамі, былінамі і песнямі на форуме, які адбыўся 15–17 мая ў Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Эстоніі, Расіі, Абхазіі, Славакіі, Кітая, а таксама майстры казачнага жанру, носьбіты традыцый з шэрагу рэгіёнаў Беларусі.

Як адзначыла загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна, асабліва чаканы госць на кожным з форумаў — Аляксандр Галкоўскі з в. Судзілы Клімавіцкага раёна.

— У яго выкананні гучалі не толькі казкі, але і легенды, і песні, — сказала Таццяна Васільеўна. — Несумненны талент спевака і апавядальніка дапаўняецца такой яркай асаблівасцю, на сёння ўжо рэдкай, як здольнасць да імправізацыі. Кожны раз перад намі знаёмыя сюжэты паўстаюць разам з арыгінальнымі дэталямі і цікавымі ўдакладненнямі. І гэтым разам Аляксандр Мікалаевіч парадаваў гледачоў унікальным сюжэтам пра змея Грёна, разгорнутым і арыгінальным варыянтам кумулятыўнай казкі пра сіўку-варонку, тым больш у яе песеннай форме, і поўным падрабязнасцямі легендарным сюжэтам пра ўцёкі Святой Радзіны ў Егіпет. Выступы Галкоўскага — сапраўдная знаходка для даследчыкаў і радасць для слухачоў.

За шматгадовую плённую дзейнасць у галіне захавання і папулярызацыі фальклорнай спадчыны, развіцця і ўмацавання традыцыйнай культуры беларусаў дырэктар Цэнтра Акадэміі НАН Беларусі Аляксандр Лакотка ўручыў ганароваю грамату нашаму таленавітаму земляку — знаўцу народных традыцый Клімавіцкага раёна, апавядальніку і казачніку з вёскі Судзілы Аляксандру Галкоўскаму.

Напишите нам на info@mogilevnews.by, если у вас есть интересная тема для статьи.

Источник mogilevnews.by

Темы Культура

Теги Александр Галковский, сказки Поднепровья, фольклор