У Кіраўскім раёне працягваецца збор ураджаю. На палетках актыўна вядзецца ўборка агародніны, частка якой фарміруе стабілізацыйны фонд, запасы на міжсезонне, паведамляе kirovsk.by.
Па інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, гэтай восенню ў Магілёўскай вобласці плануецца закласці ў стабфонд больш за 12,1 тысячы тон садавінагароднінай прадукцыі — бульбы, капусты, яблыкаў, морквы, буракоў, рэпчатай цыбулі. Удзел у закладцы прымаюць некалькі сельскагаспадарчых арганізацый вобласці і сялянска-фермерскіх гаспадарак, у тым ліку ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага».
На мінулым тыдні ў сельгаставарыстве стартавала ўборка ўраджаю капусты. Сёлета тут пад гэтую культуру адведзена 15 гектараў: адзін гектар — пад раннія і сярэднія гатункі, якія ўжо сабралі, і 14 — пад познія. З позніх гатункаў вырошчваюцца «Старыдор», «Эпікур» і «Лексікон». Аграном гаспадаркі Іван Фядотаў адзначыў, што гэтыя тры гатункі ў «Рассвеце» вырошчваюць ужо не адзін сезон, для ўмоў надвор’я ў нашых шыротах яны ідэальныя. Самому Івану Аляксандравічу падабаецца гатунак «Лексікон»: шчыльныя, роўныя качаны, вагой па 3,5-4 кілаграмы. Капуста гэтага гатунку добра захоўваецца і мае прыемны смак, без горычы.
Працэс уборкі вядзецца выключна ўручную. Саспелыя качаны зразаюць нажом, адразу сартыруюць і ўкладваюць у кантэйнеры, якія з поля адвозяць у сховішча для захоўвання садавіны і агародніны. Да слова, агароднінасховішча разлічана на 11 тысяч тон прадукцыі.
Ірына Бяляўская працуе ў брыгадзе агароднікаў «Рассвета» больш за 10 гадоў, яе напарніца Святлана Бацюня — другі год. Жанчыны адзначылі, што зараз стаяць добрыя пагодлівыя дзянькі — працаваць прыемна!
«Мінусавых тэмператур пакуль што няма, капуста на палетках адчувае сябе добра. Гадзін з дзевяці раніцы мы ўжо на полі. У дзень убіраем, прыкладна, гектар. Таму на працягу двух тыдняў уборку завяршым», — расказала Ірына Мікалаеўна.
У працэсе ўборкі капусты задзейнічана 50 працаўнікоў, большая частка з якіх — рассветаўцы. Ім дапамагаюць 14 чалавек з ліку часова беспрацоўных, накіраваных сюды ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Частка сабранага ўраджаю адразу адпускаецца на рэалізацыю ў гандлёвую сетку гаспадаркі, частка будзе закладзена ў стабфонд. Іван Фядотаў расказаў, што сёлета з аднаго гектара збіраюць у сярэднім па 530 цэнтнераў капусты. Па яго словах, гэта нядрэнная ўраджайнасць, але бывалі і лепшыя.
«Працэс вырошчвання капусты шматэтапны. Спачатку ў цяплічным камбінаце гадуем рассаду, — рассказаў Іван Аляксандравіч. — Затым высаджваем яе на палеткі. Апрацоўваем ад шкоднікаў, праполваем. На кожным этапе могуць чакаць сюрпрызы. Калі казаць пра чалавечы фактар, то тут у нас усё адпрацавана да аўтаматызму, не першы ж год рассветаўцы ў гэтай тэме. А вось надвор’е непрадказальнае. Сёлета спачатку нас напаткалі праліўныя дажджы, потым на працягу доўгага часу панавала спёка. І калі капуста больш менш вытрымала, то іншыя агародніныя культуры значна пацярпелі, што ў выніку адбілася на ўраджаі».
Больш за ўсё «дасталася» рэпчатай цыбулі. З 70 гектараў, якія яна займала, рассветаўцам удалося сабраць каля 1 200 тон. Па словах Івана Фядотава, гэта значна горш, чым некалькі папярэдніх гадоў. «Зачапіла» таксама і моркву. Удала ва ўмовах сёлетняга надвор’я выстаялі цукровыя буракі, якія займалі 10 гектараў. Атрымалі ўраджайнасць гэтай культуры — 510 цэнтнераў з гектара — лепш за леташні паказчык.