Работы майстроў Магілёўскай вобласці прадстаўлены на штогадовай XXXI Рэспубліканскай выставе сучаснай народнай творчасці “Калядныя ўзоры”, якая праходзіць ў выставачнай зале Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Наведаць яе можна да 17 студзеня 2024 г.
Магілёўскую вобласць прадстаўляюць 59 майстроў народнай творчасці з Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Кіраўскага, Клімавіцкага, Круглянскага, Краснапольскага Крычаўскага, Мсціслаўскага, Асіповіцкага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Шклоўскага раёнаў, гг. Магілёва і Бабруйска.
Яны прывезлі работы літаральна ва ўсіх традыцыйных відах народных промыслаў: салома- і лозапляценне, аплікацыя саломкай, выцінанка, шапавальства, ткацтва і вышыўка, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, кераміка, роспіс па шкле і тканіне, выраб тэкстыльных лялек, карункавязанне і сувеніры з лёну.
Падчас адкрыцця выставы, удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.